From Wikipedia, the free encyclopedia
Кнігано́шы (па-летувіску: knygnešiai) — фэномэн летувіскай гісторыі XIX стагодзьдзя, кантрабандысты, якія ў час забароны летувіскага друку лацінскім альфабэтам у Расейскай імпэрыі (1864—1904) нелегальна прывозілі і распаўсюджвалі незаконныя лацінкавыя кнігі на летувіскай мове. Для выданьня забароненай летувіскай літаратуры выбіраліся друкарні, якія знаходзіліся ў геаграфічна блізкіх да памежжа мясцовасьцях. Большасьць літаратуры выдавалася і пастаўлялася ў летувіскамоўныя рэгіёны Расейскай імпэрыі з Усходняй Прусіі (Малой Летувы).
Афіцыйныя расейскія асобы змагаліся супраць кантрабанды забароненай літаратуры. Выкрытыя кніганошы караліся, каля паўсотні іх былі высланыя ў Сыбір, сотні траплялі ў турмы і пастарункі ці былі выселеныя ў суседнія губэрні імпэрыі. Нягледзячы на гэта, паводле сучасных падлікаў, уладам удалося сканфіскаваць толькі каля 8—10% кантрабандных кніг.
Рух кніганошаў, у якім удзельнічалі пераважна сяляне, стаў важным элемэнтам барацьбы за захаваньне нацыянальнай самабытнасьці і складовай часткай летувіскага нацыянальна-вызвольнага руху другой паловы XIX — пачатку XX стагодзьдзя, на дзесяцігодзьдзі сфармаваліся шэрагі заангажаваных у нацыянальную справу дзеячоў, утварыліся шматлікія сувязі — адна з асноваў нацыянальнага руху. Штогод у наш час, 16 сакавіка адзначаецца ў Летуве як Дзень кніганошы.
Паводле вынікаў трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе вялікая частка тэрыторыі сучаснай Летувы была далучаная да Расейскай імпэрыі і падзеленая на губэрні, што ўвайшлі ў склад Літоўскага генэрал-губэрнатарства (рас. Литовское генерал-губернаторство).
Частка насельніцтва краю (палякі, летувісы і беларусы) ня раз спрабавалі дамагчыся незалежнасьці ад Расеі. Пасьля паўстаньня 1830—1831 гадоў на тэрыторыі Летувы і Беларусі пачала праводзіцца палітыка русыфікацыі[1], у 1840 годзе было адменена дзеяньне статутаў Вялікага Княства Літоўскага, быў утвораны Паўночна-Заходні край Расейскай імпэрыі. Пасьля нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1863—1864 гадоў ў Паўночна-Заходнім краі Расейскай імпэрыі генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў у 1864 годзе забараніў друкаваць на летувіскай мове буквары, афіцыйныя выданьні, кнігі для чытаньня. Узамен уводзілася «грамадзянка» — летувіская пісьмовасьць кірылічнымі літарамі, распрацаваная папячыцелем Віленскай навучальнай акругі Іванам Карнілавым. Такім чынам расейскі царскі ўрад імкнуўся прадухіліць палянізацыю летувісаў, нэўтралізаваць польскі культурны і палітычны ўплыў і садзейнічаць асыміляцыі з расейцамі. Пераемнік Мураўёва, Канстантын Каўфман, у 1865 годзе пашырыў забарону на ўсе выданьні. У кастрычніку таго ж году цыркулярам міністра ўнутраных справаў Пятром Валуевым былі забароненыя друк і ўвоз у Расею любых выданьняў на летувіскай мове лацінкай. У 1872 годзе забарона была распаўсюджаная таксама на прымяненьне да летувіскага друку гатычнага шрыфту[2]. Пагроза дэнацыяналізацыі выклікала маштабную кантрабанду кніг кніганошамі ў летувіскамоўныя рэгіёны Расейскай імпэрыі, пераважна з Усходняй Прусіі (Малой Летувы).
У асноўным кнігі на летувіскай мове друкаваліся ва Ўсходняй Прусіі (Малая Летува) і ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Ініцыятарам і пачатковым арганізатарам нелегальнага летувіскага лацінкавага друку і кніганоства было летувіскае каталіцкае духавенства. Выкарыстаньне лацінкі ўспрымалася як сымбалічная ляяльнасьць каталіцкаму касьцёлу, які традыцыйна выкарыстоўваў гэты шрыфт, у той час як праваслаўная царква карысталася кірыліцай.
Як толькі ў Малой Летуве пачала выходзіць друкаваная прадукцыя, прызначаная для расейскай Летувы, зьявіліся і кніганошы — больш-менш дасьведчаныя людзі, кантрабандысты, якія дастаўлялі друкаваныя выданьні з-за мяжы, а таксама распаўсюджвалі іх унутры Летувы.
Біскуп Мацеюс Валанчус стварыў першую вядомую арганізацыю кніганошаў. Ён, празь Юргіса Бялініса, пераслаў у Тыльзыт ксяндзу Ёнасу Забярману грошы на адкрыцьцё друкарні і тэксты першых 9 брашураў.
У гэтых кнігах ён выступаў супраць гвалтоўна ўведзенай перавагі праваслаўя, заклікаў змагацца супраць русыфікацыі — вучыць дзяцей летувіскай малітве, а таксама чытаньню і пісаньню на роднай мове. Арганізацыя дзейнічала ў 1868—1870 гадах і была выкрытая. У турму трапіла 17 асобаў, аднак сам біскуп пазьбег арышту[3].
Дарога нелегальных выданьняў да мэтавых чытачоў была даволі складанай. У пэўнай ступені распаўсюджаньне кніжак было аблегчанае сыстэмай, створанай Валанчусам. У канцы шасьцідзясятых гадоў пачалі зьяўляцца тайныя таварыствы і суполкі, мэтай якіх была дапамога ў выданьні і распаўсюджваньні летувіскіх лацінкавых выданьняў. Найбольш такіх арганізацыяў зьявілася ў 90-я гг. XIX ст. Выдавец Марцінас Янкус разьмясьціў друкарню і вялікі склад друку ў сваёй сядзібе ў Біцянах, каля падножжа гары Рамбінас, сядзібу часта называлі «Мэкай кніганошаў».
Для выданьня забароненай летувіскай літаратуры выбіраліся друкарні, якія знаходзіліся ў геаграфічна блізкіх да памежжа мясцовасьцях. Патрабавалася, каб яны былі знаходзіліся побач з расейска-прускай (нямецкай) граніцай і былі лёгка дасягальнымі для летувісаў зь Вялікай Летувы, якія арганізоўвалі дастаўку і пераправу кніг празь мяжу.
Жыхары памежжа ў Вялікай і Малой Летувах, якія добра ведалі мясцовасьць і прагалы ў ахове мяжы, станавіліся памочнікамі кніганошаў: дапамагалі ім перайсьці граніцу і пранесьці кнігі з прыгранічнай зоны. Прускія друкары добра ведалі, як трэба рыхтаваць кнігі і газэты для перапраўкі празь мяжу. Шчыльна ўпакаваныя цюкі — па два пуды (32 кг) вагі кожны праносілі ў якую-небудзь прыгранічную карчму ці іншае месца, адкуль іх маглі забраць кніганошы. Тыя, каб пранесьці як мага болей друкаванай прадукцыі, наймалі на мяжы дужых, дасьведчаных у справе, мужчын. Пранесеныя празь мяжу кнігі хавалі ў патрэбным месцы, часьцей за ўсё за першай пагранічнай паласой. Адсюль іх вывозіў ужо сам кніганоша, схаваўшы сярод дроваў, у сене ці нават у труне неіснуючага нябожчыка, у калёсах з падвойным дном.
Потым кнігі раздаваліся іншым распаўсюднікам. Апошнія абавязкова займаліся яшчэ якім-небудзь відам дзейнасьці ці рамяством, бо кнігагандаль не прыносіў вялікіх прыбыткаў, акрамя таго, неабходна было мець прыкрыцьцё, каб апраўдаць кантакты з разнастайнымі невядомымі і малавядомымі людзьмі. Больш за ўсё для гэтых мэтаў падыходзіў розьнічны гандаль ля касьцёлаў у нядзелі і сьвяты. Адначасова пад выглядам «рэклямнага матэрыялу» распаўсюджваліся выданьні невялікага аб’ёму і газэты, што высылаліся з ЗША і Нямеччыны для летувіскай інтэлігенцыі, якая жыла ў расейскай глыбінцы. Паштовыя служачыя і цэнзура там не былі такія ўважлівыя, як у Летуве.
Трэба адзначыць, што для кніганошаў гэты занятак, хоць надта рызыкоўны і малапрыбытковы быў пэўным спосабам зарабіць на хлеб, своеасаблівым промыслам. Акрамя таго ўжо і сама кантрабанда ўцягвала, станавілася ня столькі заработкам, колькі ідэйнай працай на нацыянальнай ніве. У кантрабандзе на першым этапе пераважалі амаль выключна рэлігійныя выданьні. З часам, сытуацыя пачала зьмяняцца. Зьявіліся, а потым пачалі дамінаваць, выданьні, у якіх былі зьмешчаныя нацыянальныя пастуляты.
Кантрабандная летувіскамоўная літаратура з Прусіі распаўсюджвалася на тэрыторыі ўсёй цяперашняй Летувы, а таксама на Сувальшчыне, у Рызе і Мітаве. Аднак розныя паветы Летувы забясьпечваліся кантрабанднай літаратурай нераўнамерна.
Акрамя гэтага, зьяўляліся нелегальныя летувіскія школкі. Настаўнікаў у такіх школах называлі «дарэктарамі» (па-летувіску: daraktorius). У Летуве было цяжка знайсьці мястэчка ці вёску, дзе было б немагчыма набыць летувіскую друкаваную прадукцыю.
Суадносіны між рэгіёнамі, дзе дзейнічалі кніганошы (на падставе колькасьці парушэньняў)[4]
Паветы | Кніганошы | Распаўсюджвальнікі | Захавальнікі | Усяго |
---|---|---|---|---|
Памежныя | ||||
Уладзіславаўскі | 58 | 44 | 52 | 154 |
Ваўкавыскі | 114 | 20 | 62 | 196 |
Расенскі | 435 | 129 | 223 | 787 |
Тэльшаўскі | 152 | 118 | 301 | 571 |
Усяго | 759 | 311 | 638 | 1708 |
Актыўныя ўнутраныя паветы | ||||
Марыямпальскі | 7 | 54 | 67 | 128 |
Панявескі | 4 | 84 | 176 | 264 |
Шаўльскі | 15 | 69 | 139 | 223 |
Вількамірскі | 4 | 104 | 97 | 205 |
Усяго | 30 | 311 | 479 | 820 |
Пасіўныя ўнутраныя паветы | ||||
Ковенскі | 18 | 48 | 44 | 110 |
Новааляксандраўскі | - | 57 | 46 | 103 |
Усяго | 18 | 105 | 90 | 213 |
Усходнія і паўднёвыя паветы | ||||
Кальварыйскі | 2 | 16 | 18 | 36 |
Сейненскі | 3 | 7 | 7 | 17 |
Сьвянцянскі | - | 3 | 4 | 7 |
Тракайскі | - | 18 | 27 | 45 |
Віленскі | 1 | 9 | 5 | 15 |
Усяго | 6 | 53 | 61 | 120 |
Іншыя летувіскія мясцовасьці | 4 | 3 | 3 | 10 |
Нявызначаныя летувіскія мясцовасьці | - | 18 | 98 | 116 |
Па-за межамі Літвы | 13 | 58 | 32 | 103 |
Усяго | 830 | 859 | 1401 | 3090 |
Ніжэй зьмешчаны сьпіс арганізацыяў кніганошаў, якія ў пэрыяд з 1867 па 1904 гады займаліся нелегальнай дастаўкай летувіскамоўнай літаратуры[5]
Нумар | Назва[lower-alpha 1] | Тэрыторыя | Дзейнасьць | Чальцоў |
---|---|---|---|---|
1 | Valančiaus lietuviškų knygų leidimo ir platinimo (летувіскае кнігавыданьне і распаўсюджаньне Валанчуса) | Ковенская губэрня | 1867-1870 | ? |
2 | M. Sederavičiaus (Марцінас Седаравічус) | Мястэчка Сударгас, Уладзіславаўскага павету Сувалкаўскай губэрні | 1873 — пач. XX ст. | ? |
3 | Garsvių (Гаршвяй[lower-alpha 2]) | Панявескі і Вількамірскі паветы Ковенскай губэрні | 1885-1895 | 5-7 |
4 | Atgaja (Парастак) | Шаўльскі павет Ковенскай губэрні | 1889-1895 | 3-11 |
5 | Šviesos skaitykla-knygynas (Сьвятло кніг для чытаньня) | Кальварыйскі павет Сувалкаўскай губэрні | 1880 | ? |
6 | Kaimiška artojų draugija (Сельскае таварыства аратых) | Шаўльскі павет Ковенскай губэрні | 1891 | ? |
7 | Bevardė (Безыменнае) | Панявескі павет Ковенскай губэрні | 1892 | 9 |
8 | Bevardė jaunimo draugija (Безыменнае моладзевае таварыства) | Марыямпальскі павет Сувалкаўскай губэрні | 1892 | ? |
9 | Nemunėlio ir Apaščios susivienijimas (Аб’яднаньне Немунэліса і Апашча) | Панявескі павет Ковенскай губэрні | 1893-? | 7-? |
10 | Teisybė (Праўда) | ? | 1893-1896 | 5-15 |
11 | Aušrinė (Раніца) | Ковенская губэрня | 1893-1894 | 7 |
12 | Lietuvišku Prievartos draugija (Летувіскае таварыства тых, хто прагне) | Ковенская губэрня | 1894 | ? |
13 | Darželis (Кветнік) | Вёска Крыкліняй Панявескага павету Ковенскай губэрні | 1894-1895 | 16 |
14 | Atžala (Парастак) | Ковенскі павет Ковенскай губэрні | 1894 | 6-10 |
15 | Sietynas (Пляяды) | Марыямпальскі павет Сувалкаўскай губэрні | 1894-1897 | 70 |
16 | Žiburėlis (Агеньчык) | Панявескі павет Ковенскай губэрні | 1897 | 5-15 |
17 | Bevardė (Безыменнае) | Марыямпальскі павет Сувалкаўскай губэрні | 1898 | 15 |
18 | Bevardė (Безыменнае) | Ковенская губэрня | 1899 | 27 |
19 | Žvaigždė (Зорка) | Новааляксандраўскі павет Сувалкаўскай губэрні | 1900-1902 | 20 |
20 | Lietuviškos jaunuomenės draugija (Таварыства летувіскай моладзі) | Расенскі павет Ковенскай губэрні | 1900-1901 | 15 |
21 | Spindulys (Прамень) | Марыямпальскі павет Сувалкаўскай губэрні | 1900 | ? |
22 | Artojų draugija (Таварыства аратых) | Марыямпальскі і Ўладзіславаўскі паветы Сувалкаўскай губэрні | 1900 | ? |
23 | Aušrelė (Сьвітанак) | Новааляксандраўскі павет Сувалкаўскай губэрні | 1900-1903 | 5-15 |
24 | Susivienijimas Lietuvos ūkininkų (Лучнасьць летувіскіх сялян) | Аўкштайтыя | 1901 | 13-20 |
25 | Bevardė (Безыменнае) | Ковенская губэрня | 1902 | ? |
26 | Mužikėlis (Мужычок) | Шаўльскі павет Ковенскай губэрні | 1903 | ? |
27 | Vienybė (Еднасьць) | Шаўльскі павет Ковенскай губэрні | 1903-1905 | 5-7 |
Першыя справы на кніганошаў былі заведзеныя ў 1865 г. Улады не меркавалі, што забарона выкліча такі масавы супраціў летувісаў, таму першапачаткова ня ведалі, што рабіць з затрыманымі кантрабандыстамі. З 1870 г., пасьля адмены ваеннага становішча, людзей, затрыманых за распаўсюджаньне летувіскага друку, паводле загаду генэрал-губэрнатара штрафавалі на 25 рублёў. Частка справаў перадавалася на разгляд павятовых судоў, з 1876 г. — міравых судзьдзяў, а з 1883 г. — акружных судзьдзяў. Штраф павялічыўся да 250 рублёў, ці па 7,5 рублёў за кожнае замежнае выданьне. Паколькі забарона летувіскага друку не была аформленая заканадаўча, кніганошаў часта прыцягвалі да адказнасьці за антыўрадавыя выданьні.
Дэпартамэнт паліцыі не давяраў судам, таму ў 1890 г. былі абмежаваныя іхныя функцыі, а справы, якія датычыліся антыўрадавага друку, перадаваліся адміністрацыі. Паліцыя, мытня і іншыя ўстановы аб выяўленых злачынствах павінныя былі паведаміць пракурору Віленскай ці Варшаўскай судовай палаты і кіраўніку жандарскага ўпраўленьня адпаведнай губэрні (у Сувалкаўскай губэрні — у павятовыя жандарскія ўпраўленьні). У допытах, якія праводзілі жандарскія афіцэры, бралі ўдзел пракурор акружной судовай палаты ці яго памочнік. Па заканчэньні суда пракурор акружнога суда прадстаўляў справу на разгляд пракурору Віленскай ці Варшаўскай судовай палаты. Той прыкладаў заключэньне, узгодненае з генэрал-губэрнатарам, і адсылаў яго да міністра юстыцыі які сумесна зь міністрам замежных справаў рыхтаваў абвінаваўчы вырак, прапаноўваў пакараньне і прадстаўляў на зацьвярджэньне цару. Прагледзеўшы прапанаванае заключэньне, цар зацьвярджаў ці зьмяняў пакараньне. Ягонае рашэньне было канчатковым.
У выпадках, калі сярод сканфіскаванай у кніганошаў і захавальнікаў летувіскага друку не было так званых антыўрадавых выданьняў, а ў затрыманых забіралі толькі рэлігійную літаратуру, парады па сельскай гаспадарцы ці мастацкія творы, працэдура вызначэньня віны была прасьцейшай, а пакараньні — больш умеранымі. Сканфіскаваныя рэчавыя доказы і іх сьпіс, а таксама пратакол мытні і паліцыі дасылалі губэрнатару. Разгледзеўшы яго прапанову, генэрал-губэрнатар вызначаў канчатковае пакараньне. Экспэртам, які вызначаў катэгорыю друкаванага выданьня як доказы, г. зн. тым, які вызначаў, зьяўляецца выданьне антыўрадавым ці не, часьцей за ўсё быў віленскі асобны цэнзар па замежнай цэнзуры ці перакладчык губэрнскага жандарскага ўпраўленьня.
Царская ўлада выплочвала памежнікам спэцыяльныя прэміі: за кожную кнігу 10 капеек, за пуд газэтаў ці іншых выданьняў — 10 рублёў[6]. Выкрытыя кніганошы караліся, напрыклад Вінцас Юшка (1860—1939), затрыманы 30 сьнежня 1894 г. з забароненай літаратурай, быў асуджаны на 2 гады турэмнага зьняволеньня і 3-гадовай высылкі ў Валагодзкую губэрню[lower-alpha 3].
Супраць кніганошаў змагалася ня толькі расейскія афіцыйныя асобы, але і нямецкія. Так, пры садзейнічаньні людзей, якія перасьледавалі кніганошаў і прускай паліцыі шасьцёра пераносчыкаў былі схопленыя і перададзены расейскаму боку. У 1897 г. нямецкі кайзэр Вільгельм II і расейскі цар Мікалай II абмяркоўвалі на перамовах ў Пецярбургу пляны сумеснай працы на расейска-прускай мяжы[7].
Розныя сацыяльныя групы па-рознаму былі прадстаўленыя ў руху за захаваньне летувіскага друку.
Сацыяльныя групы | Кніганошы | Распаўсюджвальнікі | Захавальнікі | Усяго |
---|---|---|---|---|
Сяляне | 87,9 | 67,4 | 82,5 | 79,6 |
Мяшчане | 4,8 | 10,8 | 6,7 | 7,4 |
Шляхта | 2,2 | 6,2 | 6,1 | 5,1 |
Духавенства | 0,3 | 3,7 | 3,6 | 1,4 |
Адстаўныя салдаты | 1,7 | 3,6 | 1,5 | 2,1 |
Інтэлігенты | - | 8 | 2 | 3,2 |
Жыхары Прусіі | 3,1 | 0,3 | 0,6 | 1,2 |
Сучасныя дасьледваньні паказваюць, што пацярпела недзе 1584 кніганошы: 52 былі сасланыя ў Сыбір і паўночныя губэрні эўрапейскай Расеі, 89 трапілі ў турму і пазьней былі высланыя ў суседнія губэрні, 866 былі затрыманыя і адбылі тэрмін у мясцовых турмах і пастарунках, 21 атрымалі фінансавыя спагнаньні, 478 былі апраўданыя і 78-мі чалавекам дараваў цар рознымі маніфэстамі[9].
Маштаб справы паказваюць нават царскія статыстыкі. Так, віленскі генэрал-губэрнатар Пётар Сьвятаполк-Мірскі ў сваёй справаздачы за 1902—1903 гг. адзначаў:
На мытні летувіскіх кніг сканфіскавана: у 1891-1893 гг. — 37 718, у 1894-1896 гг. — 40 335, у 1897-1899 гг. — 39 024, у 1900-1902 гг. — 56 182, а ў 1903 г. — 23 079.[10] | ||
Паводле сучасных падлікаў, улады сканфіскавалі толькі каля 8—10% кантрабандных кніг.
З пачаткам лібэралізацыі ў Расейскай імпэрыі, забарона летувіскага друку была скасаваная ў 1904 г.
Усяго за час забароны летувіскага друку лацінкай было выдадзена каля 6 000 000 асобнікаў розных выданьняў (сярэдні наклад буквару складаў 10 000 асобнікаў, календара — 8 000 малітоўніку — 7 500; папулярная сьвецкая кніга друкавалася сярэднім накладам 2 500 асобнікаў)[11] Паводле наяўных дадзеных, у 1865—1904 гадох у Прусіі было надрукавана 1830 выданьняў, прызначаных для распаўсюджваньня ў Расеі. У ЗША за 1874—1904 гады выйшла 701 выданьне на летувіскай мове (некаторыя зь іх таксама трапілі ў летувіскія губэрні Расеі).
Узьнікла разгалінаваная сетка нелегальнай пераправы празь мяжу і распаўсюджаньня кніг. Зь нелегальнай літаратурай было затрымана каля 2900 асобаў, некаторыя зь іх затрымліваліся некалькі разоў[12]. Злоўленыя кніганошы караліся адпаведна судовым выракам, аднак і гэта не спыняла іх дзейнасьці. Шырока вядомы ў сучаснай Летуве кніганоша Юргіс Бялініс (Юры Бялініс), якому ўдавалася высьлізнуць з рук жандараў 5 разоў.
Забарона на летувіскі друк лацінкай была зьнятая ў 1904 годзе.
Рух кніганошаў, у якім удзельнічалі пераважна сяляне, стаў важным элемэнтам барацьбы за захаваньне нацыянальнай самабытнасьці і складовай часткай летувіскага нацыянальна-вызвольнага руху другой паловы XIX — пачатку XX стагодзьдзя — на дзесяцігодзьдзі сфармаваліся шэрагі заангажаваных у нацыянальную справу дзеячоў, утварыліся шматлікія сувязі, адна з асноваў нацыянальнага руху.
Як відаць з табліцы, кніганошы дзейнічалі ў тым ліку ў этнічна беларускіх рэгіёнах (напрыклад Віленскі павет Віленскай губэрні, Ваўкавыскі павет Гарадзенскай губэрні), дзе распаўсюджвалі летувіскамоўную літаратуру сярод балцкай дыяспары. У газэце «Tėvynės sargas» (Вартаўнік Айчыны), якая выходзіла ў 1896—1904 гг., паведамлялася пра кніганошу, які два разы наведаў летувісаў Магілёўскай губэрні (Бабінавічаў, Сянна, Талачыну, Чачэрску, Радамлі і Шклову)[13].
Як вядома, першыя выданьні на новай беларускай мове пачалі бесьперапынна зьяўляцца пасьля 1891 г. Аднак у Расейскай імпэрыі друкаваць іх, асабліва ў лацінскім варыянце, было цяжка. Таму выдаўцы беларускіх кніжак, скарыстаўшыя досьведам кніганошаў-летувісаў, часта карысталіся магчымасьцямі друку за мяжой.
У 1926 г. Вацлаў Ластоўскі згадваў пра сваю размову зь летувіскім выдаўцом Марцінасам Янкусам[lower-alpha 4]:
Вясной 1892 г. перайшоў без дакументаў расійска-нямецкую граніцу малады чалавек (годаў 23—25), які назваў сябе Антонам Абрамовічам і зьвярнуўся да літвіноў[lower-alpha 5] у справе наладжаньня друку беларускіх брашур у Тыльзыце. Выдавецтва было хутка наладжана за кошты, якія надышлі Абрамовічу з Менска. У друкарні (цяпер яшчэ істнуючай) Шэнка былі надрукаваны 3—4 першыя брашуры лацінскімі літарамі. У ліку надрукаваных брашур у Шэнка быў лемэнтар і яшчэ нейкія дзьве брашуры… Пасьля п. Абрамовіч перанёс сваю работу ў друкарню п. Янкуса, дзе надрукаваў тры кніжачкі, зь якіх п. М. Янкус памятае два агалоўкі: Ян Ськіба (апавяданьне) і «Дзядзька Антон», такжэ апавяданьне. Брашуры былі перапраўлены нелегальнай дарогай цераз расійска-нямецкую граніцу і пазней перасланы пачтовымі пасылкамі ў Менск. Пасьля гэтага п. Абрамовіч выехаў у Швайцарыю. |
||
Гэтым маладым чалавекам быў Мар’ян Абрамовіч, да нашага часу захавалася брашура «Дзядзька Антон» — пераклад, зроблены з польскай агітацыйнай брашуры «Ojciec Szymon» (Айцец Шымон).
Пасьля друку брашура была сканфіскаваная прускай паліцыяй, але пазьней вернутая. З таго часу невялікія пасылкі зь «Дзядзькам Антонам» паступова перасылаліся празь мяжу, што цягнулася, напэўна, пару гадоў. Паводле справаздачы Польскай Сацыялістычнай Партыі, яшчэ ў 1895 г. празь пераходны пункт каля Таўраге ля прускай мяжы былі перапраўленыя 332 асобнікаў нейкіх беларускіх выданьняў. Верагодна, гэта быў «Дзядзька Антон»[14].
Вядомы дзеяч беларускай меншасьці ў Польшчы Юры Туронак ўжо ў XX ст. арганізаваў асаблівы канал дастаўкі нелегальнай беларускай літаратуры, выкарыстоўваючы ў сваёй дзейнасьці досьвед летувіскіх кніганошаў XIX ст.[15]
У савецкія часы гэты гістарычны эпізод быў пад забаронай.
Пасьля распаду СССР кніганошаў зноў уганаравалі ў Летуве — у музэях, назвах вуліцаў і помнікамі. Музэй летувіскіх кніганошаў знаходзіцца ва Ўстроні, непадалёк ад Кракенавы.
У 2004 г. ЮНЭСКО прызнала нелегальны распаўсюджаньне летувіскіх кніжак унікальнай гістарычнай зьявай, якая ня мае аналягаў нідзе на сьвеце.
Гадавіна нараджэньня Юргіса Бялініса (16 сакавіка 1846 году), заснавальніка сеткі нелегальнага распаўсюджваньня летувіскай літаратуры адзначаецца ў наш час у Летуве як Дзень кніганошы (па-летувіску: Knygnešio diena).
У Польшчы мэмарыяльная дошка ў памяць кніганошы Повіласа Матулявічуса знаходзіцца ў вёсцы Кравяны каля Пунску.
У Коўне знаходзіцца помнік невядомаму распаўсюджвальніку кніжак аўтарства Ёзаса Зікараса. Гэта адзін з найбольш шырока вядомых у Летуве скульптурных твораў 30-х гадоў[16].
Вобраз кніганошаў вывеў Уладзімер Караткевіч у сваёй аднайменнай навэле «Кніганошы».
Летувіская пісьменьніца Даля Гінювенэ з нагоды 100-годзьдзя летувіскага кнігадрукаваньня лацінскім шрыфтам напісала кнігу пра кніганошаў «Pašešupio knygnešiai». Ілюстрацыі для яе стварыла мастачка Яліта Бікенэ[17].
У 2011 годзе ў Летуве выйшаў мастацкі фільм «Кніганошы» (па-летувіску: Knygnešystė)[18]. Маладыя стваральнікі фільма выказалі падтрымку ідэям вольнага распаўсюджваньня інфармацыі таксама і ўласным прыкладам — фільм быў ня толькі паказаны ў кінатэатрах, але і выкладзены ў адкрыты доступ[19].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.