Плякат
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пляка́т (па-нямецку: Plakat ад па-француску: placard — аб’ява, афіша, ад plaquer — наляпіць, прыляпляць) — кідкая, як правіла буйнафарматная выява, якая суправаджаецца кароткім тэкстам, створаная ў агітацыйных, рэклямных, інфармацыйных ці навучальных мэтах. (У іншым значэньні — разнавіднасьць графікі). У сучасным дызайне плякат успрымаецца як «зьведзенае ў выразную візуальную формулу паведамленьне, прызначанае сучасніку для высноваў і пэўных дзеяньняў». Гэтая формула адлюстроўвае пэўны ўзровень графічнага дызайну і інфармуе пра прадмет паведамленьня[1].
Да асаблівасьцяў жанру можна аднесьці наступнае:
- плякат павінен быць бачны на адлегласьці,
- быць зразумелым і добра ўспрымацца гледачом.
У плякаце часта выкарыстоўваецца мастацкая мэтафара, рознамаштабныя фігуры, паказ падзеяў, якія адбываюцца ў розны час і ў розных месцах, контурнае пазначэньне прадметаў. Для тэксту важным зьяўляецца шрыфт, размяшчэньне, колер. У плякатах выкарыстоўваецца таксама фатаграфія ў спалучэньні з рысункам і з жывапісам.
Уласьцівасьць мастацкай мовы — падкрэсьленая кідкасьць, абагульненасьць формаў, краткасьць, спалучэньне шрыфту і выявы, выяўленчыя мэтафары, супастаўленьне вобразаў, памераў і ступеняў умоўнасьці, якія ўспрымаюцца на вялікай адлегласьці. Вылучаюць 3 жанры: відовішчны (афіша, кінаплякат, тэатральны і цыркавы), грамадзкі (палітычны і прапагандысцкі) і рэклямны. Можа быць намаляваны, гравіраваны (літаграфія), выкананы спосабам серыграфіі, з дапамогай каляжа, фатаграфіі і на кампутары. Размножваюць паліграфічным спосабам[2].