Чэмпіянат сьвету па шахматах
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэмпіяна́т сьве́ту па ша́хматах — спаборніцтва па вызначэньні чэмпіёна сьвету ў шахматах. З 2014 року ладзіцца кожны цотны год. Дзейным чэмпіёнам пасьля перамогі ў 2023 року над расейцам Янам Няпомнячым зьяўляецца кітаец Дзін Ліжэнь. Ён двойчы абараняў свой тытул — у 2014 року з Анандам і 2016 року з расейцам Сяргеем Каракінам.
Першы афіцыйны чэмпіянат сьвету адбыўся ў 1886 року матчам двух наймацнейшых гульцоў Эўропы і ЗША — Ёганам Цукертортам і Вільгельмам Стэйніцам. Усутыч да 1946 року ўмовы спаборніцтва вызначаў чэмпіён. З 1948 турнір перайшоў пад кіраўніцтва Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі. У 1993 року адбыўся раскол, калі дзейны чэмпіён Гары Каспараў заснаваў Прафэсійную шахматную асацыяцыю ды пачаў ладзіць ейныя чэмпіянаты сьвету. У 2006 року адбылося ўзьяднаньне чэмпіёнаў абодвух вэрсіяў.
Удзел у чэмпіянаце сьвету адкрыты для ўсіх незалежна ад плоці ды ўзросту. Тым ня меней, існуюць яшчэ асобныя жаночы, моладзевы (да 20 гадоў) ды сталы (мужчыны ад 60-гадовага і жанчыны ад 50-гадовага веку) чэмпіянаты. Існуюць таксама чэмпіянаты зь меншым кантролем часу — чэмпіянат сьвету па шахматным рапідзе і чэмпіянат сьвету па шахматным бліцы, а таксама чэмпіянат сьвету па шахматах між кампутарамі.