Язэп Ходзька
From Wikipedia, the free encyclopedia
Язэп (Юзэф, Ёсіф) Ходзька (6 сьнежня 1800, мяст. Крывічы Вялейскага пав. Менскай губ., цяпер г.п. Мядзельскага р-ну Менскай вобл. — 21 лютага 1881, Тыфліс, цяпер Тбілісі) — геадэзіст, географ.
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ходзька.
Язэп (Восіп) Ходзька | |
6 сьнежня 1800 — 21 лютага 1881 | |
Месца нараджэньня | мяст. Крывічы Вялейскага пав. Менскай губ., Расейская імпэрыя |
---|---|
Месца сьмерці | Тыфліс, Тыфліская губ., Расейская імпэрыя |
Прыналежнасьць | Расейская імпэрыя |
Род войскаў | Генэральны штаб |
Званьне | генэрал-лейтэнант |
Бітвы/войны | Каўкаская вайна, Крымская вайна |
Сын Яна (Івана) Ходзькі. Вучыўся ў Віленскай унівэрсытэцкай гімназіі й на фізыка-матэматычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэта, які скончыў у 1821. Па рэкамэндацыі прафэсара ўнівэрсытэту Ю. Сьнядэцкага залічаны ў Корпус ваенных тапографаў. Праводзіў трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, у Гарадзенскай і Менскай губэрнях. Лідэры паўстаньня 1830—1831 гадоў меркавалі прызначыць Я. Ходзьку камэндантам Вільні. Даведаўшыся пра гэта, расейскія ўлады 15.3.1831 затрымалі Я. Ходзьку й накіравалі яго далей на правядзеньне тапаграфічных работ на Дунаі й Басфоры. Склаў ваенны агляд румынскіх княстваў Малдавіі й Валахіі. У 1839 накіраваны служыць на Каўказ. У 1845 распачаў Закаўкаскую трыянгуляцыю, якая была скончана ў 1853. На Каўказе выканаў больш за паўтары тысячы гіпсамэтрычных адзнакаў. У 1853 р. павышаны да ступені генэрала-маёра, а ў 1862 р. да ступені генэрала-лейтэнанта. Службу ў царскай арміі скончыў у 1867 р.
Пасьля выхаду на пэнсію працягнуў займацца картаграфічнымі вымярэньнямі на Каўказе. Браў удзел у працы каўказскага Расейскага геаграфічнага таварыства ў Тыфлісе, за што ў 1869 Расейскае геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла яго вялікім Канстанцінаўскім мэдалём. Гэта першы ў гісторыі Расейскай імпэрыі выпадак узнагароджаньня былога палітычнага высланьніка навуковай узнагародай. Адзначаны таксама Ордэнам Белага Арла.
Быў ганаровым членам Расейскага геаграфічнага таварыства. Напісаў некалькі працаў у геадэзіі і вайсковай тапаграфіі.