Горад
буйны населены пункт / From Wikipedia, the free encyclopedia
Го́рад, ме́ста — населены пункт, што адрозьніваецца ад мястэчка альбо вёскі памерам, шчыльнасьцю насельніцтва, значэньнем ці юрыдычным статусам. Звычайна, гарады маюць даволі вялікія памеры і выразную ўласна гарадзкую частку, аднак часам да гарадоў адносяць мясьціны прадмесьцевага ці нават вясковага характару. Аднясеньне населенага пункта да катэгорыі гарадоў афармляецца ў заканадаўчым парадку; пры гэтым крытэр колькасьці насельніцтва гораду адрозьніваецца — ад 250 чалавек у Даніі, да 50 тысячаў чалавек у Японіі.
Горад мае свой непаўторны характар, які зьмяняецца ад цэнтру да ўскраінаў. Места ёсьць арэнай грамадзкіх адносінаў, адлюстроўвае сацыяльную структуру грамадзтва. Горад мае разьвіты комплекс гаспадаркі і эканомікі, ён зьяўляецца скупнасьцю архітэктурных і інжынэрных збудаваньняў, якія забясьпечваюць жыцьцезабесьпячэньне насельніцтва. Гарады служылі цэнтрам разьвіцьця мастацтва і рамёстваў, тэхнічных дасягненьняў. Горад — ня проста сума дамоў, гэта самастойны шматаблічны, але суцэльны арганізм[1].