СГС (сыстэма адзінак вымярэньня)
From Wikipedia, the free encyclopedia
СГС (сантымэтар-грам-сэкунда) — сыстэма адзінак вымярэньня, якая мела шырокі распаўсюд да прыняцьця міжнароднай сыстэмы адзінак (СІ) і выкарыстоўваецца дагэтуль у фізыцы ды астраноміі.
У рамках СГС існуюць тры незалежныя памернасьці (даўжыня, маса і час), усе астатнія зводзяцца да іх за конт перамнажэньня, дзяленьня і ўзвядзеньня ў ступень (магчыма ў дробавую). Акрамя трох асноўных адзінак вымярэньня — сантымэтру, граму і сэкунды, у СГС існуе шэраг дадатковых адзінак вымярэньня, якія зьяўляюцца вытворнымі ад асноўных. Некаторыя фізычныя канстанты атрымліваюцца беспамернымі. Існуе некалькі варыянтаў сыстэм СГС, якія адрозьніваюцца паміж сабою выбарам электрычных і магнітных адзінак вымярэньня і велічынёй канстант у розных законых электрамагнэтызму (СГСЭ, СГСМ, Гаўсава сістэма адзінак).
СГС адрозьніваецца ад СІ ня толькі выбарам пэўных адзінак вымярэньня. З-за таго, што ў СІ былі дадаткова ўведзены асноўныя адзінкі для электрамагнітных фізычных велічынь, якіх не было ў СГС, некаторыя адзінкі маюць іншыя памернасьці. З-за гэтага некаторыя фізычныя законы ў гэтых сыстэмах запісваюцца па-рознаму (напрыклад, закон Кулёна). Адрозьненьне заключаецца ў каэфіцыэнтах большасьць якіх мае памернасьць. Таму, калі ў формулы, што запісаныя ў СГС, проста падставіць адзінкі вымярэньня СІ, то будуць атрыманы памылковыя вынікі. Гэтае ж тычыцца і розных тыпаў СГС — у СГСЭ, СГСМ і Гаўсавай сыстэме адзінак адныя і тыя ж формулы могуць запісвацца па-рознаму.
У формулах СГС адсутнічаюць нефізычныя каэфіцыэнты, неабходныя ў СІ (напрыклад, электрычная нязьменная ў законе Кулона), таму сістэму СГС лічаць больш зручнай для тэарэтычных дасьледваньняў.