Сунізм
дэнамінацыя ісламу / From Wikipedia, the free encyclopedia
Суні́зм ці суні́цкі ісла́м (ад араб. أهل السنة Агль ас-Суна ас салафія — людзі Суны) — самы найбольш шматлікі кірунак у ісламе, да якога належаць больш за 85—90% мусульманаў усяго сьвету альбо больш за мільярд чалавек. Ягоная назва паходзіць ад слова Суна, якое ёсьць кодэксам паводзінаў, якіх прытрымліваўся Мухамад і якім прапануецца кіравацца мусульманам[1]. Адрозьненьні паміж мусульманамі-сунітамі і шыітамі, пасьлядоўнікамі другога паводле распаўсюду кірунку ісламу, узьніклі праз рознагалосьсі наконт пераемніцтва Мухамада і ў далейшым набылі шырэйшае палітычнае значэньне, а таксама тэалягічныя і юрыдычныя вымярэньні[2]. Гэтак, паміж імі маюцца значныя адрозьненьні ў прынцыпах юрыдычных рашэньняў, у характары сьвятаў, у адносінах да іншаверцаў, у дэталях малітваў і іншым. Згодна з суніцкімі традыцыямі, Мухамад прызначыў Абу Бакра сваім пераемнікам, то бок першым халіфам[3]. Гэта кантрастуе зь меркаваньнем шыітаў, якія сьцьвярджаюць, што Мухамад абвесьціў пераемнікам свайго зяця і стрыечнага брата Алі ібн Абі Таліба[4]. Палітычная напружанасьць паміж двума асноўнымі кірункамі праяўляецца з рознай ступеньню інтэнсыўнасьці на працягу ўсёй ісламскай гісторыі і ўзмацнілася ў апошні час праз этнічныя канфлікты і рост саляфізму і вагабізму[5][6].