Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялікае Княства Літоўскае, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (лац.: Magnus Ducatus Lithuaniae) — сярэдневяковая дзяржава на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны (да 1569), часткі Расіі, утвораная ў 1253 г. Сталіца — Вільня[1].
У 1253 г. вялікі князь літоўскі Міндоўг быў каранаваны як каталіцкі кароль Літвы, але хутка адмовіўся ад каталіцтва і працягваў прытрымлівацца язычніцтва. Язычніцтва значнай колькасці насельніцтва дзяржавы (у тым ліку і вялікіх князёў літоўскіх) было падставай пастаянных крыжовых паходаў Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў. Шматэтнічная дзяржава працягвала пашырацца пры Гедзіміне[2] і пры яго сыне Альгердзе[3]. Пераемнік Альгерда Ягайла падпісаў Крэўскую унію ў 1385 г., у выніку чаго ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага адбыліся дзве істотныя змены: каталіцызм стаў пануючай рэлігіяй і быў створаны дынастычны саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім[4].
Праўленне Вітаўта Вялікага адзначаецца як час найбольшага пашырэння тэрыторыі Вялікага Княства і паразы Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, а таксама адзначаецца ростам колькасці прывілеяў шляхты ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім значна пагоршыліся[5]. Магнаты ВКЛ, у тым ліку сям'я Радзівілаў, спрабавалі скасаваць унію з Польшчай[6], аднак няўдалыя войны Вялікага Княства супраць Маскоўскага княства дапамаглі уніі застацца некранутай.
У выніку Люблінскай уніі 1569 года была створана так званая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. У складзе гэтай канфедэрацыі Вялікае Княства Літоўскае захавала сваю палітычную самабытнасць і мела асобныя ўрад, сістэму ўрадаў (пасад), сімволіку, законы, армію і скарб[7].
У ходзе трох раздзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) большая частка ВКЛ увайшла ў склад Расійскай імперыі, а меншая — у склад Прускага Каралеўства і Аўстрыі. Ад канчатковага знікнення дзяржаву не змагло і выратаваць патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе, накіраванае супраць трох краін-захопнікаў — Расіі, Прусіі і Аўстрыі.