Дзяле́нне ядра́ — працэс расшчаплення атамнага ядра на два (радзей тры) ядры з блізкімі масамі, якія называюцца асколкамі дзялення. У выніку дзялення могуць узнікаць і іншыя прадукты рэакцыі: лёгкія ядры (у асноўным альфа-часціцы), нейтроны і гама-кванты. Дзяленне бывае спантанным (самаадвольным) і вымушаным (у выніку ўзаемадзеяння з іншымі часціцамі, найперш, з нейтронамі). Дзяленне цяжкіх ядраў — экзатэрмічны працэс, у выніку якога вызваляецца вялікая колькасць энергіі ў выглядзе кінетычнай энергіі прадуктаў рэакцыі, а таксама выпраменьвання. Дзяленне ядраў служыць крыніцай энергіі ў ядзерных рэактарах і ядзернай зброі.