Карамандэльскі бераг
From Wikipedia, the free encyclopedia
Карамандэ́льскі бераг — усходняе ўзбярэжжа паўвострава Індастан на поўдзень ад дэльты ракі Крышна да мыса Комарын. Бераг абмываецца Бенгальскім залівам Індыйскага акіяна, мае даўжыню каля 700 км і шырыню 80—100 км. Уяўляе сабой паласу пагорыстых раўнін, якія на захадзе пераходзяць ва Усходнія Гаты.
Уздоўж берага размешчаны вялікія пясчаныя пляжы і косы. Бераг невысокі, зрэзаны дэльтамі некалькіх буйных рэк, у тым ліку Каверы, Палар, Пенар і Крышна, якія ўтвараюць дэльты плошчай да 10 тыс. км². Рэкі зараджаюцца на плато Дэкан і, сцякаючы з Усходніх Гатаў, утвараюць урадлівыя алювіяльныя раўніны.
У наш час Карамандэльскі бераг размешчаны на тэрыторыі штатаў Андхра-Прадэш і Тамілнад, а таксама на саюзнай тэрыторыі Пандычэры. На беразе размешчаны буйныя партовыя гарады — Чэнаі (Мадрас), Кудалор, Транкебар (Тарангамбадзі), Нагапатнам і іншыя.
Карамандэльскі бераг з'яўляецца вільготным сельскагаспадарчым раёнам Індыі, сярод культываваных культур — рыс, какосавая пальма.