Маньерызм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Маньеры́зм (ад італ.: maniera — стыль, манера) — стыль і мастацкі кірунак у еўрапейскім мастацтве, архітэктуры і літаратуры ў перыяд пераходу ад Адраджэння да Новага часу. Маньерызм узнік у Італіі, дзе развіваўся ў рамках Позняга Адраджэння з 1520-х гг., у большасці еўрапейскіх краін прыйшоўся на сярэдзіну і другую палову XVI — пачатак XVII стагоддзя; сфарміраваў перадумовы для складання барока[1]. Яму ўласціва страта рэнесансавай гармоніі паміж цялесным і духоўным, прыродай і чалавекам. Некаторыя даследчыкі (асабліва літаратуразнаўцы) не схільныя лічыць маньерызм самастойным стылем і разглядаюць у ім ранейшую фазу барока. Існуе і пашыранае тлумачэнне паняцця «маньерызм», як выражэнне форматворчага, «прэтэнцыёзнага» пачатку ў мастацтве на розных стадыях культурнага развіцця — ад антычнасці да сучаснасці.