Неапазнаны лятаючы аб’ект
From Wikipedia, the free encyclopedia
Неапазнаны лятаючы аб’ект — НЛА (англ.: unindified flying objekt, UFO). Найбольш дакладнае азначэнне НЛА даў даследчык непазнанага Джозэф Ален Хайнэк: «успрыяцце аб’екта ці святла, бачнага ў небе ці космасе, альбо над зямной паверхняй; феномен, выгляд, траекторыя і характар свячэння якога не знаходзяць лагічнага, агульнапрынятага тлумачэння, з’яўляецца таямніцай не толькі для сведак, але і застаецца нявытлумачаным нават пасля пільнага вывучэння ўсіх даступных сведчанняў спецыялістамі, здольнымі, калі гэта магчыма, ідэнтыфікаваць з’яву з кропкі гледжання здаровага сэнсу»[1].
Інакш кажучы, калі з’яўляецца паведамленне аб назіранні над зямлёй якой-небудзь незвычайнай з’явы, і выпадак не быў атаясамлены ні з якой вядомай навуцы метэаралагічнай ці астранамічнай з’явай, а таксама не было ўстанаўлення доказаў фальсіфікацыі, то кажуць, што гаворка ідзе аб неапазнаным лятаючым аб’екце, аб НЛА. Калі ж тлумачэнне з’яве знойдзена, то кажуць аб апазнаных лятаючых аб’ектах (АЛА). Большасць жа лятаючых аб’ектаў усе ж знаходзіць тлумачэнне і становяцца АЛА. З усіх паведамленняў аб незразумелых лятаючых аб’ектах неапазнанымі застаюцца толькі 5-10 %[2]. Асобныя аб’екты застаюцца неапазнанымі толькі з-за недахопу інфармацыі аб іх.
Паколькі з ліку задакументаваных назіранняў лятаючых аб’ектаў асобныя апазнаць не атрымалася, найбольшы скептыцызм звычайна выклікае не паведамленне аб назіранні чаго-небудзь неапазнанага, а сцверджанні аб іншапланетным паходжанні аб’ектаў.
У розных краінах існуе шмат грамадскіх ініцыятыўных арганізацый і энтузіястаў, якія займаюцца рэгістрацыяй і аналітыкай з’яўленняў НЛА.
У шматлікіх краінах (у тым ліку ЗША і СССР), выпадкі назірання НЛА фіксаваліся ўпаўнаважанымі ваеннымі і грамадзянскімі дзяржаўнымі структурамі, у тым ліку ў рамках дзеяння засакрэчаных спецыяльных праграм (Праект «Сіняя кніга» і ААЯ).
У той час, як прыхільнікамі іншапланетнага паходжання назіраных НЛА з’яўляецца толькі невялікая колькасць навукоўцаў, афіцыйнае навуковае грамадства свету мае шырокую праграму пошуку пазаземнага розуму SETI, якая дапускае магчымасць выяўлення дзейнасці пазаземнага розуму ў межах даследаванняў праяўленняў гэтага тэхнічнымі сродкамі ў далёкім космасе. З развіццём камп’ютарных тэхналогій і інтэрнэту ў праграме стала весціся размеркаваная апрацоўка інфармацыі на тысячах простых карыстальніцкіх камп’ютараў.
У масавай культуры пад НЛА часцей за ўсё маецца на ўвазе неапазнаны лятаючы аб’ект, з’яўленне якога асацыюецца з візітам на Зямлю разумных істот[3]. Шмат хто з людзей, у тым ліку афіцыйныя асобы і навукоўцы, скептычна ставяцца да магчымасці такіх візітаў і ўпэўненыя (ці, згодна з меркаваннем уфолагаў, робяць выгляд, што ўпэўненыя) у тым, што з’яўленне НЛА з’яўляецца анамальнай прыроднай з’явай. Наадварот, асобныя былыя афіцыйныя асобы, ваенныя і касманаўты (у тым ліку лунны астанаўт Эдгар Мітчэл), захапіўшыйся потым парапсіхалогіяй[4], пасля сыхода са службы робяцца публічнымі прыхільнікамі іншапланетнага паходжання НЛА.