Паходжанне Месяца
From Wikipedia, the free encyclopedia
Па сучасных звестках Месяц у многім вельмі адрозніваецца ад Зямлі, у першую чаргу, хімічным саставам: практычна няма вады (хоць у прыпалярных абласцях выяўлены прыкметныя запасы лёду[1]), малое ўтрыманне лятучых элементаў і злучэнняў. Аналіз месяцавых парод дае падставы меркаваць, што Месяц некалі быў поўнасцю расплаўлены, у адрозненне ад Зямлі. Шчыльнасць Месяца параўнальная са шчыльнасцю зямной мантыі, але ў яго вельмі маленькае жалеза-нікелевае ядро.
Аднак выяўлена і вялікае падабенства Зямлі і Месяца. Радыеізатопны аналіз паказвае, што абодва нябесныя целы маюць прыкладна аднолькавы ўзрост: каля 4,5 мільярдаў гадоў. Суадносіны стабільных ізатопаў кіслароду на Месяцы і на Зямлі супадаюць, у той жа час моцна адрозніваючыся ад такіх суадносін ва ўсіх вядомых метэарытаў. Гэта сведчыць аб тым, што Зямля і Месяц утварыліся па суседстве — з рэчыва, якое знаходзілася на аднолькавай адлегласці ад Сонца ў протапланетным воблаку.
Такое спалучэнне агульных уласцівасцей і істотных адрозненняў у структуры Месяца і Зямлі спарадзіла тры групы ўзаемавыключальных здагадак аб паходжанні Месяца:
- сумеснае ўтварэнне Зямлі і Месяца з аднаго протапланетнага воблака;
- захоп ужо сфарміраванага Месяца Зямлёй;
- утварэнне Месяца ў выніку гіганцкага сутыкнення.