Югаславія
дзяржава ў Еўропе ў 1918—2003 гадах / From Wikipedia, the free encyclopedia
Югаславія — славянская дзяржава ў Еўропе, якая існавала на Балканскім паўвостраве на працягу амаль усяго XX стагоддзя, мела выхад да Адрыятычнага мора.
У Вялікую Югаславію — каралеўства (КСХС), затым федэрацыю (ФНРЮ, СФРЮ) — уваходзілі цяпер незалежныя дзяржавы: Сербія, Чарнагорыя, Харватыя, Славенія, Македонія, Боснія і Герцагавіна. У Малую Югаславію — федэрацыю (СРЮ), затым канфедэратыўны саюз (ГССЧ) — уваходзілі цяпер незалежныя дзяржавы Сербія, Чарнагорыя.
Югаславія ўтварылася (як Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў) пасля Першай сусветнай вайны і распаду Аўстра-Венгерскай Імперыі ў пачатку XX ст., распалася ў канцы XX ст. — пачатку XXI ст.
Дзяржаўнай мовай у выніку супрацоўніцтва сербскіх і харвацкіх лінгвістаў першапачаткова была сербахарвацкая або харватасербская. Пасля 2-й сусветнай вайны мовы саюзных рэспублік былі абвешчаныя раўнапраўнымі дзяржаўнымі мовамі, хоць сербахарвацкая і сербская карысталіся адноснай перавагай. Асноўнае насельніцтва — паўднёвыя славяне: (сербы, славенцы, харваты, македонцы), а таксама не славянскія народнасці: албанцы, цыгане.