Венгерскае паўстанне (1956)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Венгерскае паўстанне 1956 года, таксама вядомае як Венгерская рэвалюцыя 1956 года (венг.: 1956-os felkelés альбо 1956-os forradalom) — агульнанацыянальнае паўстанне супраць таталітарнага камуністычнага кіраўніцтва Венгерскай Народнай Рэспублікі і ваеннай прысутнасці СССР на тэрыторыі краіны, якое працягвалася з 23 кастрычніка да 10 лістапада 1956 года. Нягледзячы на тое, што першапачаткова паўстанне не мела лідараў, гэта была першая сур'ёзная пагроза кантролю СССР з таго часу, як савецкія войскі выціснулі армію Нацысцкай Германіі са сваёй тэрыторыі ў канцы Другой сусветнай вайны і ўвайшлі на тэрыторыю краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.
Венгерскае паўстанне 1956 | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Халодная вайна | |||
| |||
Дата | 23 кастрычніка – 10 лістапада 1956 | ||
Месца | Венгерская Народная Рэспубліка | ||
Вынік | Перамога СССР. Паўстанне падаўленае | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паўстанне пачалося як студэнцкая дэманстрацыя, падчас якой тысячы ўдзельнікаў прайшлі праз цэнтр Будапешта да будынка парламента, выкрыкваючы патрыятычныя лозунгі. Пры ўваходзе ў будынак радыё, каб паспрабаваць здзейсніць трансляцыю сваіх патрабаванняў, студэнцкая дэлегацыя была затрымана. Пасля таго, як дэманстранты на вуліцы сталі патрабаваць адпусціць дэлегацыю, яны былі абстраляны Упраўленнем дзяржаўнай бяспекі (АВХ) з сярэдзіны будынка. Адзін студэнт загінуў, пасля чаго яго загарнулі ў сцяг і паднялі над натоўпам, што стала пачаткам рэвалюцыі. Па меры распаўсюджвання навін беспарадкі і гвалт апанавалі ўсю сталіцу.
У хуткім часе паўстанне распаўсюдзілася па ўсёй Венгрыі, у выніку чаго ўрад быў зрынуты. Тысячы венграў арганізоўваліся ў міліцыю, змагаючыся супраць АВХ і салдат СССР. Многіх прасавецкіх камуністаў і членаў АВХ зняволілі, а былых палітычных вязняў вызвалілі і ўзброілі. Радыкальна настроеныя рабочыя саветы пазбавілі Венгерскую партыю працоўных муніцыпальнага кантролю і патрабавалі палітычных змен. Новы ўрад афіцыйна распусціў Упраўленне дзяржаўнай бяспекі, заявіў пра свой намер выйсці з Варшаўскай дамовы і паабяцаў зноў устанавіць свабодныя выбары. Пад канец кастрычніка баявыя дзеянні амаль спыніліся.
Пасля аб'явы аб сваёй гатоўнасці весці перамовы аб вывадзе савецкіх войскаў Палітбюро ЦК КПСС змяніла сваю пазіцыю і пачало задушэнне рэвалюцыі. 4 лістапада вялікая колькасць салдат СССР з ваеннай тэхнікай уварвалася ў Будапешт і іншыя рэгіёны краіны. Венгерскі супраціў працягваўся да 10 лістапада, але паасобныя спробы ўзброенага супраціўлення паўстанцаў працягваліся да 28 лістапада. Больш за 2500 венграў і 700 салдат СССР былі забіты, а 200 тысяч жыхароў Венгрыі былі вымушаны пакінуць краіну. Пасля гэтага на працягу некалькіх месяцаў адбываліся масавыя арышты і даносы. Пад студзень 1957 года новы ўрад, устаноўлены СССР, задушыў усю грамадскую апазіцыю.
Падаўленне венгерскага паўстання выявіла цвёрды намер савецкага кіраўніцтва захоўваць жорсткі палітычны кантроль над краінамі сацыялістычнага блоку, незалежна ад памкненняў іх народаў, і было адмоўна ўспрынята прыхільнікамі камуністычнай ідэалогіі на Захадзе, азначаючы, разам з XX з'ездам КПСС, пачатак разбурэння камуністычнай сістэмы. Разам з паўстаннем 1953 года ва Усходняй Германіі, венгерская рэвалюцыя азначыла паварот сусветнага ўспрыймання СССР і Савецкай арміі ад вобразу вызваліцеляў Еўропы да вобразу яе акупантаў.
Адкрытае абмеркаванне гэтай рэвалюцыі падаўлялася ў Венгрыі на працягу 30 гадоў і толькі ў перыяд адлігі 1980-х гадоў стала прадметам інтэнсіўнага вывучэння. На ўрачыстым заснаванні Трэцяй Венгерскай рэспублікі ў 1989 годзе дзень 23 кастрычніка быў абвешчаны нацыянальным святам.