Біялагічны від
From Wikipedia, the free encyclopedia
Від (у біялогіі) — галоўная адзінка класіфікацыі ў сістэматыцы раслін і сістэматыцы жывёл; сукупнасць пакаленняў, якія паходзяць ад агульнага продка і адасоблены ад астатняга свету жывых істот; самаўзнаўляльная адзінка прыроды.
Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіялагічныя прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біятычным асяроддзем; адасоблены ад іншых груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т.л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.
Паняцце віду ўвёў англійскі батанік Дж. Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К. Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лацінскую назву (бінарную наменклатуру). Асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч. Дарвін. У канцы XIX стагоддзя ўведзена дадатковае паняцце падвіду, у сярэдзіне XX стагоддзя з’явіліся назвы больш дробных, элементарных відаў — жарданон[1], больш вялікіх (шырокіх) — лінеон[2].
Для азначэння віду карыстаюцца лінееўскай двайной наменклатурай, з абавязковым паказаннем прозвішча аўтара, які вылучыў від, з-за наяўнасці выпадкаў, калі такі самы від выдзяляўся і апісваўся рознымі аўтарамі пад рознымі назвамі.