Лёгкая атлетыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лё́гкая атле́тыка — алімпійскі від спорту, які ўключае бег, скачкі і кіданне. Кіданні і скачкі звычайна адбываюцца ў цэнтральнай плошчы стадыёна, тады як бег праходзіць па-за травяным пакрыццём пляцоўкі. Лёгкая атлетыка складаецца з такіх спартыўных дысцыплін, як спаборніцтвы на стадыёне, шашэйны бег, бег па перасечанай мясцовасці і спартыўная хадзьба. Самыя вядомыя спаборніцтвы па гэтаму віду спорту — спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ) з’яўляецца міжнародным органам па лёгкай атлетыцы, яна была створана ў 1912 годзе і на сёння аб’ядноўвае 213 нацыянальных федэрацый.
Лёгкая атлетыка | |
---|---|
Характарыстыка | |
Катэгорыя | на адкрытым паветры, у памяшканні |
Першыя спаборніцтвы | |
Год | 776 год да н.э. |
Алімпійскія гульні | 1896 |
Чэмпіянат свету | 1983 год |
Чэмпіянат Еўропы | 1934 год |
Міжнародная федэрацыя | |
Назва | Сусветная лёгкая атлетыка |
Год заснавання | 1912 год |
Вэб-сайт | worldathletics.org |
Лёгкая атлетыка, як правіла, складаецца з індывідуальных відаў спорту, дзе спартсмены супернічаюць адзін з адным дзеля выяўлення пераможцы. У спаборніцтвах на хуткасць перамагае спартсмен з самым хуткім часам, у той час як у скачках і кіданнях перамагае спартсмен, які дамогся найбольшай адлегласці альбо вышыні. Спаборніцтвы па бегу падзяляюцца на спрынт, бег на сярэднія і доўгія дыстанцыі, эстафеты і бег з бар’ерамі. Спаборніцтвы па скачках уключаюць у сябе скачкі ў даўжыню, патройны скачок, скачкі ў вышыню і скачкі з шастом, у той час як найбольш распаўсюджанымі спаборніцтвамі ў кіданні з’яўляюцца штурханне ядра, кіданне дзіды, кіданне дыска і штурханне молата. Ёсць таксама шматбор’і, як сямібор’е і дзесяцібор’е, у якім спартсмены спаборнічаюць у некалькіх з пералічаных відаў.
Лепшыя паказчыкі ў кожнай з дысцыплін лёгкай атлетыкі ўсталеўваюцца на сусветным і нацыянальным узроўнях і называюцца сусветнымі і нацыянальнымі рэкордамі, таксама рэкорды ўсталёўваюцца на асабістым узроўні. Аднак спартсмены, якія парушылі правілы спаборніцтваў, дыскваліфікуюцца са спаборніцтваў, і іх дасягненні не ўлічваюцца.