Моўная інтэрферэнцыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Моўная інтэрферэнцыя: з’ява адхілення ад нормаў у адной мове з-за прыкладання да яе нормаў іншай мовы. Можа ўзнікаць у абставінах двухмоўя або шматмоўя. Узровень праяўлення моўнай інтэрферэнцыі залежыць ад моўнай кампетэнцыі білінгва (полілінгва).
Адрозніваюцца наступныя віды інтэрферэнцыі: марфалагічная, сінтаксічная, фанетычная, лексічная, словаўтваральная, акцэнтная.
Марфалагічная інтэрферэнцыя звязаная з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рознамоўных лексем (у родзе, ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні сінтэтычных формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у родавых і склонавых формах лічэбнікаў, адметнасці ўтварэння дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў і інш.).
Сінтаксічная інтэрферэнцыя звязаная з адрозненнямі ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў (кіраванне і інш.).
Фанетычная інтэрферэнцыя звязаная з адметнасцямі фанетычных сістэм розных моваў, і прыводзіць да парушэння арфаэпічных нормаў мовы.
Лексічная інтэрферэнцыя звязаная з розніцамі або частковымі падабенствамі ва ўласналексемным і семантычным аспектах розных моў.
Словаўтваральная інтэрферэнцыя звязаная з несупадзеннем словаўтваральных фармантаў у аднакаранёвых словах розных (але блізкіх) моў.
Акцэнтная інтэрферэнцыя звязаная з разыходжаннямі ў націску ў рознамоўных лексемах.