Сакратар вялікі літоўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сакратары вялікія літоўскія (лац.: secretarius) — ураднікі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Спачатку сакратаром называлася службовая асоба ў канцылярыі ВКЛ, якая непасрэдна займалася справаводствам вялікага князя (караля) і прызначалася ім. Упершыню згадваецца ў 1407, часам так называліся вялікакняскія пісары, як мяркуецца, найбольш заслужаныя з іх. З другой паловы 16 стагоддзя сакратар — асобны ўрад, часам іх дзейнасць не была звязана проста са справаводствам (выконвалі абавязкі мернікаў, рэвізораў, паборцаў, памежных камісараў і іншыя). Некаторыя сакратары вялі дакументацыю Рады Вялікага Княства Літоўскага, што пазней рабілі рэгенты.
Сакратар вялікі духоўны — цэнтральны ўрад, асобны ад апарату канцлера і падканцлера ВКЛ. Утвораны на сойме 1670. Прызначаўся каралём з духоўных асоб, вёў спецыяльна даручаныя справы.
Сакратар вялікі свецкі — цэнтральны ўрад. У пачатку 16 стагоддзя з тытулам «найвышэйшы сакратар ВКЛ» выступаў пісар Іван Сямёнавіч Сапега, як мяркуецца, на ўзор адпаведнай пасады ў Польшчы. Сталы ўрад сакратара вялікага свецкага ўстаноўлены ў ВКЛ на каранацыйным сойме 1764.