Сталіца
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сталіца — галоўны горад дзяржавы, адміністрацыйна-палітычны цэнтр краіны, у якім, як правіла, размяшчаюцца вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання, вышэйшыя судовыя, кантрольныя і іншыя ўстановы. У асобных выпадках некаторыя з гэтых структур могуць размяшчацца ў іншых гарадах дзяржавы. Сталіца звычайна з’яўляецца і эканамічным, навуковым, культурным цэнтрам краіны, але ў некаторых краінах склалася поліцэнтрычная сістэма кіравання рознымі сферамі жыцця народа: так у ЗША палітычны цэнтр — Вашынгтон, эканамічны — Нью-Ёрк, адукацыйны — Бостан і г.д.
Сталіца можа выдзяляцца ў самастойную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку (Вена, Аўстрыя; Берлін, ФРГ; Масква, Расія; Пекін, КНР, а таксама Мінск, Беларусь), часам з асобым рэжымам кіравання (так, амерыканская сталіца Вашынгтон утварае федэральную акругу, якая не ўваходзіць ні ў адзін штат).
Некаторыя дзяржавы на пачатку сваёй гісторыі не мелі сталіц. Напрыклад у Венгрыі, Эстэргам, традыцыйнае месца каранацыі венгерскіх валадароў пачынаючы з Іштвана I, быў толькі адной з многіх каралеўскіх рэзідэнцый, а Буда была абвешчана сталіцай у 14 ст. У Іспаніі працяглы час таксама сталіцы не было, Бургас быў толькі месцам каранацыі кастыльска-ліёнскіх каралёў, двор вандраваў па краіне, часцей за ўсё спыняючыся ў Вальядалідзе, Мадрыд быў абвешчаны сталіцай у 1561 годзе. Сталіцы знаходзіліся там дзе быў валадар дзяржавы і вандравалі па і краіне разам з ім і яго дваром. Прыкладна так, верагодна, было на пачатковым этапе існавання ВКЛ да таго часу пакуль Гедзімін не абвясціў сталіцай Вільню.
Акрамя сталіц, якія набылі свой статус у працэсе гістарычнага развіцця, існуюць гарады, спецыяльна пабудаваныя для выканання сталічных функцый (Канбера, Аўстралія; Бразілія, Бразілія; Ісламабад, Пакістан; Астана, Казахстан і інш.). У некаторых краінах пры існаванні афіцыйнай сталіцы фактычна ёй з’яўляецца іншы горад (у Балівіі Ла-Пас замест Сукрэ; у Нідэрландах Гаага замест Амстэрдама; у Расіі, у сувязі з пераводам Канстытуцыйнага Суда ў Санкт-Пецярбург, апошні будзе выконваць частку сталічных функцый). У некаторых краінах (Ватыкан, Науру) афіцыйна вызначанай сталіцы няма.
Распаўсюджанай практыкай з’яўляецца перанос сталіцы, выкліканы часцей за ўсё перанаселенасцю і гіпертрафіраваным дамінаваннем сталічнага горада над астатняй краінай, альбо яго нявыгадным геаграфічным размяшчэннем, альбо з прычыны наяўнасці прамой ваеннай пагрозы сталіцы, альбо для паскарэння развіцця тэрыторый, дзе ствараецца новая сталіца, альбо для вызвалення ад старых традыцый грамадскага жыцця і дзяржаўнага кіравання.
За апошняе дзесяцігоддзе былі перанесены сталіцы Казахстана (з Алматы ў Астану, 1997), М’янмы (з Янгона (Рангуна) ў Найп’іда, 2005), Малайзіі (з Куала-Лумпура ў Путраджаю, 2005), Палау (з Корар у Мелекеок, 2006). Да канца 2007 павінна пачацца будаўніцтва новай сталіцы Паўднёвай Карэі ў 160 км ад Сеула ў правінцыі Чхунчхон-Пукто, што дазволіць аднесці месцазнаходжанне паўднёвакарэйскага кіраўніцтва ад патэнцыйна небяспечнай лініі міжкарэйскага размежавання па 38-й паралелі. Пераезд урадавых устаноў Паўднёвай Карэі прызначаны на 2012.
Перанос сталіцы можа быць часовым, з-за акупацыі ці пагрозы акупацыі існуючай сталіцы (так, Каўнас быў сталіцай Літвы падчас польскай акупацыі Вільнюса ў міжваенны перыяд; Куйбышаў часткова выконваў функцыі адміністрацыйнай і дыпламатычнай сталіцы СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны) альбо пры немагчымасці знаходжання сталіцы ў пэўным месцы па іншых прычынах (Назрань заставалася адміністрацыйным цэнтрам Інгушэціі на час будаўніцтва горада Магас, абвешчанага сталіцай пры ўтварэнні рэспублікі; Тайвань лічыць Тайбэй часовай усекітайскай сталіцай замест Пекіна).
Самай маленькай сталіцай свету лічыцца горад Адамстаўн.