Ёга
сукупнасьць фізычных, духоўных і псыхічных практыкаў з часоў старажытнай Індыі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ёга (дэванагары: योग) — паняцьце індыйскай культуры, у шырокім сэнсе азначае сукупнасьць розных духоўных і фізычных практык, якія былі распрацаваны ў розных напрамках індуізма й будызма й галоўнай мэтай якой зьяўляецца кіраваньне псыхікай і псыхафізыялёгіяй індывідуума дзеля дасягненьня найвышэйшага псыхічнага й духоўнага стану. У больш вузкім сэнсе, ёга — гэта адна з шасьці артадаксальных школаў філязофіі індуізму. Зыходная мэта ёгі — зьмяненьне анталягічнага статуса чалавека ў сьвеце.
Асноўныя напрамкі ёгі гэта — раджа-ёга, карма-ёга, джнана-ёга, бгакты-ёга й гатга-ёга.[1][2][3] У кантэксьце філязофіі індуізма, пад ёгай разумеюць сыстэму раджа-ёгі, якая была выкладзена ў «Ёга-сутра» Патанджалі й цесным чынам зьвязана з прынцыпамі санкх’і. Ёга абмяркоўваецца ў розных пісаньнях індуізма, як то «Веды», «Упанішады», «Бгагавад-гіта», «Гатга-ёга-прадыпіка», «Шыва-самгіта» й «Тантры». Канчатковай мэтай ёгі можа быць рознае: ад паляпшэньня фізычнага здароўя й да дасягненьня мокшы.
Слова «ёга» паходзіць ад санскрыцкага кораня ёдж ці юдж, якое мае шмат сэнсаў: «зьвяз», «гармонія» й іншых. Упершыню сустракаецца ў «Рыг-ведзе» — найстаражытнейшым з усіх захаўшыхся помнікаў індыйскай літаратуры.[4] За межамі Індыі тэрмін, як правіла, асацыюецца з хатха-ёгай і ейнымі асанамі ці з фізычнымі практыкаваньнямі. Таго, хто займаецца ёгай, называюць ёгам ці ёгінам.