Акт незалежнасьці Летувы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Акт незале́жнасьці Летувы́ (па-летувіску: Lietuvos nepriklausomybės aktas) альбо Акт 16 лютага — дакумэнт, складзены і падпісаны Радай Летувы 16 лютага 1918 року. Акт абвяшчаў аднаўленьне незалежнай дэмакратычнай Летувы са сталіцай у месьце Вільні. Дакумэнт быў падпісаны ўсімі 20 прадстаўнікамі Рады на чале зь Ёнасам Басанавічусам. Акт 16 лютага стаў апошнім з сэрыі рэзалюцыяў, датычных праблемы самавызначэньня Летувы, пасьля падпісаных на Віленскай канфэрэнцыі і г. зв. Акту 8 студзеня. Шлях да незалежнасьці быў даўгі і складаны з-за таго, што Нямецкая імпэрыя аказвала ціск на Раду Летувы з мэтаю ўтварэньня зьвязу. Дэпутатам даводзілася манэўраваць між інтарэсамі Нямеччыны, войскі якой разьмяшчаліся ў Летуве, і патрабаваньнямі летувіскага народу.
Рэакцыя на вестку пра аднаўленьне незалежнай Летувы была даволі стрыманай. Публікацыя акту была забароненая ўладамі Нямеччыны, тэкст рэзалюцыі друкаваўся і распаўсюджваўся падпольна. Працы Рады стала перашкаджалі, а немцы працягвалі кантраляваць усю тэрыторэю Летувы. Сытуацыя зьмянілася, калі ўвосені 1918 року Нямеччына прайграла Першую сусьветную вайну. У лістападзе 1918 року быў сфармаваны першы летувіскі кабінэт міністраў, а Рада Летувы атрымала кантроль над усёй тэрыторыяй краіны[1]. Незалежнасьць нарэшце стала рэальнасьцю, хоць дзеля яе канчатковага здабыцьця Летува вымушаная была ўдзельнічаць у некалькіх войнах.
Акт зьяўляецца законным абгрунтаваньнем існаваньня незалежнай Летувы як у міжваенны пэрыяд, так і пасьля 1990 року[2]. У дакумэнце сфармуляваныя асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ўладкаваньня, якія ў тым ліку адлюстраваныя ва ўсіх канстытуцыях Летувы. Акт таксама стаў ключавым дакумэнтам у 1990 року пасьля абвяшчэньня незалежнасьці краіны ад СССР[3]. Улады Летувы падкрэсьлівалі, што гэта проста аднаўленьне незалежнае дзяржавы, якая існавала з 1918 да 1940 року, а Акт незалежнасьці ніколі ня траціў сваёй сілы[4].
Арыгінальны дакумэнт лічыўся згубленым. Напрыканцы сакавіка 2017 року яго адшукаў у дыпляматычным архіве Міністэрства замежных справаў у Бэрліне прафэсар Людас Мажыліс.