правінцыя Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі From Wikipedia, the free encyclopedia
Амсьціслаўская правінцыя — правінцыя Магілёўскай губэрні Расейскае імпэрыі. Створаная на анэксаванай тэрыторыі Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва 22 кастрычніка [ст. ст. 11 кастрычніка] 1772 году пры першым падзелу Рэчы Паспалітай. Скасаваная 2 красавіка [ст. ст. 22 сакавіка] 1777.
Амсьціслаўская правінцыя | |
Мстиславская провинция | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Расейская імпэрыя |
Статус | правінцыя Расейскай імпэрыі[d] |
Уваходзіць у | Магілёўская губэрня |
Адміністрацыйны цэнтар | Амсьціслаў |
Улучае | Амсьціслаўскі павет, Мілаславіцкі павет, Чэрыкаўскі павет |
Найбольшы горад | Амсьціслаў |
Іншыя буйныя гарады | Клімавічы, Мілаславічы, Чэрыкаў |
Колькасьць населеных пунктаў | 22 мястэчкі, 153 сялы, 1182 вёскі |
Дата ўтварэньня | 20 кастрычніка [ст. ст. 9 кастрычніка] 1772 |
Дата скасаваньня | 2 красакавіка [ст. ст. 22 сакавіка] 1777 |
ваявода | Калескі саветнік Пётар Грыгоравіч Лебедзеў, Асэсар Сямён Фёдаравіч Ларын, Капітан-лейтэнант Васілей Тарбей |
Насельніцтва (1774) | 182,2 тыс. падатковага насельніцтва[1] |
Плошча | 790000[1] дзесяцін= 723112 га = 7231,12 км² км² |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
8 чэрвеня [ст. ст. 28 траўня] 1772 году да падпісаньне дакумэнтаў дагавору пра падзел Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй з умовамі падзелу Рэчы Паспалітае Кацярына ІІ загадала стварыць Магілёўскую губэрню з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай, Рагачоўскай правінцый (губэрнскі горад Магілёў) і Пскоўскую губэрню з Пскоўскай, Вялікалуцкай, Дзьвінскай, Полацкай правінцый (губэрнскі горад Апочка) й прызначыла генэрала графа Захара Чарнышова Беларускім генэрал-губэрнатарам, а генэрал-маёра Міхаіла Кахоўскага Магілёўскім губэрнатарам і генэрал-маёра Міхаіла Крэчэтнікава Пскоўскім губэрнатарам.[2][3] Па прапанове графа Захара Чарнышова Віцебск быў далучаны да Пскоўскай губэрні.[4] У пачатку жніўня войскі Расеі, Аўстрыі й Прусіі адначасова ўвайшлі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай згодна папярэднім дамоўленасьцям ад 19 лютага 1772 году, 16 жніўня [ст. ст. 5 жніўня] 1772 году ў Пецярбургу была падпісана канвэнцыя паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Расейскай Імпэрыі адышло Інфлянцкае, большая частка Полацкага (па правым беразе Дзьвіны), амаль усе Віцебскае (па левым беразе Друці й Дняпра), Амсьціслаўскае ваяводзтвы, усходняя частка Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва з гарадамі Амсьціслаў, Віцебск, Ворша, Гомель, Магілёў, Полацак, Прапойск, Рагачоў, Чачэрск.
27 жніўня [ст. ст. 16 жніўня] 1772 году Кацярына ІІ падпісала закон («плакат») пра прызначэньне жыхарам тэрміну для прыняцьця прысягі, пра пастанову слупоў на новых межах, пра збор у скарб з усіх прыбыткаў і пра суды па тамтэйшых правах і звычаях.[5] Празь месяц Чарнышоў паведамляў пра ўчыненьне ў Беларускіх губэрнях вопісу аб пагалоўным збору падаткаў, аб пераводзе мытні на новую мяжу й пра збор з тавараў пошлін, пра карчмы й гандаль віном і сольлю, пра здачу на арэнду вёсак.[6]
Амсьціслаўская правінцыя ўтворана 20 кастрычніка [ст. ст. 9 кастрычніка] 1772. Правінцыя ўзначальвалася прызначаным Сэнатам па прапанове губэрнатара ваяводам, пры якім дзейнічала правінцыяльная канцылярыя. У штат канцылярыі ўваходзілі 1 асэсар, 2 сакратары, 1 пратакаліст, 1 рэгістратар, 2 канцылярысты, 1 падканцылярыст, 4 капіісты, 1 пераплётчык, 1 кат. Пры правінцыйнай канцылярыі была вайсковая каманда ў складзе 57 чалавек пад камандаваньнем афіцэрам у чыне паручніка.[7] Правінцыйная канцылярыя мела адміністрацыйныя й паліцэйскія абавязкі: кантроль за выкананьнем казённых інтарэсаў і судовы разбор грамадзянскіх пазоваў, набор рэкрутаў, злоў зладзеяў і разбойнікаў, утрыманьне шляхоў зносінаў, выкананьне правілаў гандлю, санітарны стан гарадоў і мястэчак, проціпажарная бясьпека, ахова здароўя, забароненыя гульні, карчмарства, збор падаткаў (падушных, за вінны продаж, продаж солі, арэндавых грошай) і адпраўка іх у камэральную экспэдыцыю губэрнскай канцылярыі, улік зьвестак пра пасеве і ўраджаі хлеба, цэн на харч і фураж, справы пра ўцёках і пакрывальніцтве прыгонных сялянаў і рэкрутаў, забойстве, гвалце, крадзяжах, цяжбах і спрэчках паміж сялянамі, якія перавышалі 25 руб. пазову, апэляцыі на выракі павятовых камісарскіх судоў.[8] 25 сьнежня [ст. ст. 14 сьнежня] 1772 ў штат была ўведзена пасада пракурора.[9]
25 сьнежня [ст. ст. 14 сьнежня] 1772 [Амсьціслаўскую правінцыю ўлучылі ў Магілёўскую япархію, касьцёлы й кляштары падпарадкавалі Каталіцкай кансысторыі на чале з Біскупам, а ўніяцкія цэрквы й кляштары Ўніяцкай кансысторыі на чале з Арцыбіскупам. Папскія булы й наказы забаранялася апавяшчаць без дазволу імпэратара.[10][11] Адначасова вызвалілі на паўгоду жыхароў ад платы падаткаў.[12] Але ўжо ў красавіку заснавана камісія аб вывучэньні стану зямлі й маёмасьці, дзеля вывучэньня магчымых выплат падаткаў, і прызначаны памеры падаткаў.[13][14]
19 траўня [ст. ст. 8 траўня] 1773 былі заснаваны губэрнскія й правінцыяльныя Земскія суды.[15][16] 25 траўня [ст. ст. 14 траўня] 1773 пачалі рэгуляваць гандаль сольлю.[17]
2 жніўня [ст. ст. 22 ліпеня] 1773 правінцыю падзялілі на Амсьціслаўскі павет, Мілаславіцкі павет і Чэрыкаўскі павет, якія кіраваліся Камісарыятамі.[18][19]
29 верасьня [ст. ст. 18 верасьня] 1773 году паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай быў падпісаны рускім амбасадарам і чальцамі соймавай камісіі трактат «пра аднаўленьне міру паміж абедзьвюма дзяржавамі й пра далучэньне да Расеі некаторых ад Рэчы Паспалітай зямель». Па гэтым трактаце, паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся мір, згода і сяброўства на падставах Варшаўскага трактата 1768 году. Дзеля поўнага спыненьня ўсіх памежных спрэчак паміж дзьвюма дзяржавамі. Рэч Паспалітая саступала Расеі вядомую прастору сваёй зямлі. Расея адмаўлялася ў будучыні ад усіх праў і дамаганьняў на якую ні будзь вобласьць Рэчы Паспалітай, абавязвалася надаць рыма-каталікам абодвух абрадаў у адышоўшых да яе абласьцях поўную волю ў веры й недатыкальнасьць маёмасьці, гарантавала Рэчы Паспалітай захаваньне ў моцы ўсіх тых канстытуцый вольнага рэспубліканскага й незалежнага кіраваньня. У асобным акце, прынятым 26 сакавіка [ст. ст. 15 сакавіка] 1775 году, Расея гарантавала Рэчы Паспалітай захаваньне кардынальных правоў. 22 красавіка [ст. ст. 11 красавіка] 1775 году гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю па пасяджэньні сойма ў Варшаве.[20][21][22]
26 кастрычніка [ст. ст. 15 кастрычніка] 1775 дазволілі гандляваць прыгоннымі сялянамі ва ўсіх губэрнях, пры ўмове выплаты падаткаў.[23]
Правінцыя й пасада ваяводы былі скасаваны, а правінцыйныя канцылярыі зачынены ў 1777 годзе ў адпаведнасьці з Устанаўленьнямі для кіраваньня губэрняў Усерасейскай імпэрыі.[24][25]
На тэрыторыі правінцыі разьмяшчаліся 33 староствы (35,6 тыс. чалавек мужчынскага полу), буйнейшыя зь іх — Крычаўскае (2091 дым, 20,7 тыс. чалавек, 249 922 дзесяцін зямлі) і Хіславіцкае (301 дым, 2,9 тыс. чалавек, 11 371 дзес зямлі). 3 1773 году падзялялася на паветы Амсьціслаўскі, Мілаславіцкі й Чэрыкаўскі ў якія ўваходзілі 22 мястэчкі (каля 12 тыс чал ), 153 сялы, 1182 вёскі (146,6 тыс. чалавек, у т. л. 8,2 тыс габрэяў).
Маёнткі буйных уладальнікаў канфіскаваныя пасьля анэксіі ў 1772 годзе:[26]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.