Будызм
рэлігія / From Wikipedia, the free encyclopedia
Будызм (санскрыт: बौद्ध धर्म, Buddha DharmaIAST — «Навука абуджанага») — найстаражытнейшая з трох сусьветных рэлігіяў, разам з ісламам і хрысьціянствам, а таксама філязофскае вучэньне, якое ахоплівае розныя традыцыі, вераваньні й практыкі, у значнай ступені заснаваныя на вучэньні Буды Гаўтамы Сак’ямуні, вядомага як Буда. Ён жыў і выкладаў на паўночным усходзе індыйскага субкантынэнту ў VI—IV стагодзьдзях да нашай эры[1]. Прызнаны будыстамі як абуджаны й асьветлены настаўнік, які падзяліўся сваімі ведамі, каб дапамагчы жывым істотам скончыць пакуты цялеснага існаваньня (дугха), дасягнуць Нірваны й пазьбегнуць таго, што называецца цыклем пакутаў і перанараджэньняў.
Гэты артыкул патрабуе ўдакладненьня артаграфіі. |
Будызм падзяляецца на дзьве асноўныя плыні: Тгеравада («Школа старэйшын») і Магаяна («Вялікая калясьніца»). Тгеравада зьяўляецца найстарэйшай плыняй будызму, якая шырока распаўсюджана ў Шры-Ланцы й Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Магаяна сустракаецца па ўсёй тэрыторыі Ўсходняй Азіі і ўключае ў сябе школы Чыстая Зямля, Дзэн, Нітырэн-сю, Тыбецкі будызм, Сінгон-сю, Тэндай-сю й Сіньнё-эн. У некаторых клясыфікацыях Ваджраяна, якая зьяўляецца падкатэгорыяй Магаяны, што практыкуецца ў Тыбеце й Манголіі, прызнана трэцяй галінай будызму. Застаючыся самай папулярнай рэлігіяй у Азіі, абедзьве галіны шырока распаўсюдзіліся па ўсім сьвеце. Ацэнкі колькасьці будыстаў па ўсім сьвеце істотна адрозьніваюцца ў залежнасьці ад спосабу вызначэньня прыхільнасьці да рэлігіі альбо вучэньня. Ніжнія планка ацэнкі складае 350—500 млн практыкуючых[2].
Будыйскія школы адрозьніваюцца адна ад адной шляхамі вызваленьня, значэньнем ступені важнасьці й кананічнасьці розных вучэньняў і пісаньняў, асабліва сваёй практыкай[3]. Асновай будыйскае традыцыі й практыкі ёсьць тры каштоўнасьці (тры прыстанішчы): Буда, Дгарма (навука) і Сангга (братэрская супольнасьць). Прымаючы «прыстанішча ў трох каштоўнасьцяў» чалавек бярэ на сябе абавязак прытрымлівацца будыйскага шляху, што ў цэлым адрозьнівае будыста ад небудыста[4]. Іншыя мэтады могуць уключаць у сябе прытрымліваньне запаведзяў Буды, падтрымку манаскай абшчыны, адмаўленьне ад звычайнага жыцьця й прыняцьце мніскага, разьвіцьцё ўважлівасьці й практыкі медытацыі, вырошчваньне вышэйшай мудрасьці й праніклівасьці, вывучэньне пісаньняў, рэлігійнай практыкі, абрадаў, а ў традыцыі Махаяны яшчэ й заклікі да будаў і бодгісатваў.