Герцыке
From Wikipedia, the free encyclopedia
Герцыцкае княства, або Герцыке (па-латыску: Jersika; каля 1190 — каля 1239) — удзельнае княства з цэнтрам у горадзе Герцыке (цяпер Ерсіка, пасёлак Ерсіцкае воласьці Ліванскага краю Латвіі), існавала ў пачатку XIII стагодзьдзя.
Герцыке займала тэрыторыю на поўдні Латгале і паўднёвым усходзе Відзэмэ на правым беразе Дзьвіны. На поўначы княства межавала з Талавай і Атзэлі, на ўсходзе — з Полацкім княствам, на поўдні — зь летувісамі і сэламі, на захадзе — зь лівамі і Кукенойскім княствам. Асноўнымі ўмацаванымі паселішчамі княства зьяўляліся Варка, Асотэ, Аленэ, Лепенэ, Марцыена, Гердэнэ (або Зердэнэ), Цэсвайнэ, Нігастэ, Аўтынэ.
Асноўнай з крыніцаў па гісторыі княства княства зьяўляецца «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага. Паводле Хронікі, княствам кіраваў Усевалад (па-лацінску: Vissevalde, Wiscewolodus), які знаходзіўся ў васальнай залежнасьці ад полацкага князя, затым ад рыскага біскупу. Усевалад паходзіў з полацкай галіны Рурыкавічаў, аднак дакладнае яго паходжаньне ня высьветленае[lower-alpha 1].
Паводле Генрыха Латвійскага, Усевалад вёў барацьбу зь Лівонскім ордэнам і ў саюзе зь літвою часьцяком зьдзяйсьняў напады на ордэнскія ўладаньні. У 1209 годзе Ўсевалад трапіў у палон да рыскага біскупа і быў вымушаны прызнаць сябе яго васалам. Трохі пазьней ён забыўся на дадзеныя абяцаньні і да 1215 року ваяваў супраць войскаў Ордэну. Апошнія зьвесткі аб княстве захаваліся з 1215 году. У 1239 яго землі былі занятыя крыжакамі.
Паводле паданьня, ацалелыя жыхары цьвердзі Герцыке пераправіліся на левы бераг Дзьвіны і пасяліліся сярод сэлаў. Менавіта ад гэтых уцекачоў нібыта бярэ свой пачатак Руская слабада, якая згодна з загадам Курляндзкага герцагу Якаба (1670) стала горадам, названым у яго гонар Якабштатам (цяпер г. Екабпілс). Тут ў 1675 годзе ўзьвялі праваслаўную Сьвята-Духаўскую царкву, дзе захоўвалася старажытная плашчаніца XIV—XV стагодзьдзяў.