Карэлы
этнічная група / From Wikipedia, the free encyclopedia
Карэ́лы (саманазва: karjalaižet) — прыбалтыйска-фінская этнічная група, якая на цяперашні час пражывае ў асноўным у Рэспубліцы Карэлія ды іншых паўночна-заходніх рэгіёнах Расеі. Гістарычная радзіма карэлаў уключае дадаткова часткі ўсходняй Фінляндыі (рэгіён Паўночная Карэлія) і ранейшую фінскую тэрыторыю г.зв. Ладаскай Карэліі — тэрыторыі між возерам Ладага і сучаснай фінска-расейскай мяжою.
Карэлы | |
Неафіцыйны сьцяг карэлаў | |
Колькасьць |
Расея — 60 815[1] Фінляндыя — 10 000 Украіна — 1522[2] Беларусь — 302[3] Эстонія — 354[4] |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Расея, Фінляндыя |
Мовы | карэльская, расейская, фінская мовы |
Рэлігія | хрысьціянства (праваслаўе, лютэранства) |
Блізкія этнасы | Іншыя прыбалтыйска-фінскія народы (фіны, эстонцы, вэпсы, іжора, водзь, лівы) |
Пачынаючы з XVII стагодзьдзя этнічныя карэлы ў Фінляндыі асыміляваліся лінгвістычна й этнічна блізкароднаснымі фінамі і ўвайшлі ў шырэйшы субэтнас фінскіх карэлаў, якія, як лічыцца, утвараюць адну з субэтнічных групаў сучасных фінаў[5]. Карэлы Расеі вядомыя як усходнія карэлы або расейскія карэлы, падзелу між якімі й карэламі Фінляндымі спрыялі прыналежнасьць да розных хрысьціянскіх канфэсіяў і дыялектных групаў, а таксама розны гістарычны лёс[6].
Карэлы Расеі цягам некалькіх стагодзьдзяў зазнавалі славянскі культурны ўплыў, увайшлі ў падпарадкаваньне Расейскай Праваслаўнай Царкве і ў пэўнай ступені асыміляваныя расейцамі[7][8][9].
На працягу некалькіх стагодзьдзяў карэлы Расеі разышліся на некалькі адрозных падгрупаў. Сярод расейскіх карэлаў вылучаюцца дзьве найбуйнейшыя падгрупы: паўночныя карэлы, што пражываюць у Рэспубліцы Карэлія, а таксама паўднёвыя, якія насяляюць Цьвярскую, Наўгародзкую і Ленінградзкую вобласьці. Апошнія налічваюць агулам каля 90 000—100 000 і, у сваю чаргу, падразьдзяляюцца на ціхвінскіх і валдайскіх карэлаў і лічацца асыміляванымі этнічнымі групамі, якія размаўляюць на расейскай мове як на першай. Паўночныя карэлы ўключаюць падгрупы карэлаў-лівікаў і карэлаў-людзікаў, якія маюць уласныя дыялекты і пражываюць у асноўным у Рэспубліцы Карэлія[10].