Ліпіды
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ліпі́ды (ад грэц. λίπος, lípos — «тлушч») — тлустыя кісьлі, а таксама іхныя вытворныя, як паводле радыкалу, гэтак і паводле карбаксільнай групы.
Выкарыстоўваемае раней вызначэньне ліпідаў, як групы арганічных злучэньняў, добра рашчынальных у непалярных арганічных рашчынальніках (бэнзол, ацэтон, хляраформ) і практычна нерашчынальных у вадзе, зьяўляецца недакладным. Па-першае, такое вызначэньне замест слушнай характарыстыкі клясы хімічных злучэньняў кажа толькі аб фізычных уласьцівасьцях. Па-другое, у цяперашні час вядомая дастатковая колькасьць злучэньняў, нерашчынальных у непалярных рашчынальніках альбо, наадварот, добра рашчынальных у вадзе, якія, тым ня менш, адносяцца да ліпідаў. У сучаснай арганічнай хіміі вызначэньне тэрміну «ліпіды» заснавана на біясынтэтычнай роднасьці дадзеных злучэньняў — да ліпідаў адносяць тлустыя кісьлі і іхныя вытворныя. У той жа час у біяхіміі і іншых разьдзелах біялёгіі да ліпідаў па-ранейшаму прынята адносіць і гідрафобныя ці амфіфільныя рэчывы іншай хімічнай прыроды[1].
Асноўныя біялягічныя функцыі ліпідаў уключаюць здольнасьць да назапашваньня энэргіі, а таксама яны выступаюць у якасьці структурных кампанэнтаў вузных мэмбранаў[2]. Яны ўплываюць на пранікальнасьць вузаў і актыўнасьць многіх фэрмэнтаў, удзельнічаюць у перадачы нэрвовага імпульсу, у цяглічным скарачэньні, стварэньні міжвузных кантактаў, у імуннахімічных працэсах[3]. Ліпіды маюць шырокае прымяненьне ў касмэтычнай і харчовай прамысловасьці, а таксама ў галіне нанатэхналёгіяў[4].