Майнільскі інцыдэнт
савецкая правакацыя супраць Фінляндыі 26 лістапада 1939 року / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ма́йнільскі інцыдэ́нт — ваенны інцыдэнт, які адбыўся 26 лістапада 1939 року, у часе якога савецкія войскі зладзілі артылерыйскі абстрэл савецкай вёскі Майніла і ўсклалі за гэта адказнасьць на Фінляндыю. Такім чынам інцыдэнт стаў фармальнай нагодай да пачатку савецка-фінскай вайны[1][2].
Паводле афіцыйных савецкіх паведамленьнях, 26 лістапада 1939 року на ўчастку граніцы ля вёскі Майнла група савецкіх вайскоўцаў была абстраляная артылерыяй. Было зроблена сем гарматных стрэлаў, у выніку чаго забітыя трое шарагоўцаў і адзін малодшы камандзір, параненыя сямёра шарагоўцаў і два камандзіры. Гэткія лічбы былі пададзеныя ў савецкай ноце і афіцыйным паведамленьні ў газэце «Правда». Савецкі ўрад у звароце да фінскага сьцьвярджаў, што стрэлы былі зьдзейсьненыя з тэрыторыі Фінляндыі, і дзеля папярэджаньня далейшых правакацыяў запатрабаваў адвесьці фінскія войскі на адлегласьць 20—25 км ад граніцы.
У ноце адказу фінскі ўрад заявіў, што, паводле назіраньняў фінскіх гукамэтрычных пастоў, сем стрэлаў былі зьдзейсьненыя каля 16:00 з савецкага боку з адлегласьці прыклада паўтара — два кілямэтры на паўднёвы ўсход ад месца разрыву снарадаў. Таксама паведамлялася, што фіны на граніцы проста ня маюць артылерыі, тым болей дальнабойнай. Фіны прапанавалі стварыць супольную камісію дзеля рассьледаваньня інцыдэнту і пачаць перамовы пра ўзаемны адвод войскаў ад граніцы. Савецкі бок адхіліў прапанову, матывуючы гэта тым, што адвод частак Чырвонай арміі ад граніцы на прапанаваную адлегласьць спрычыніўся б да разьмяшчэньня войскаў у прадмесьцях Ленінграду, што цалкам непрымальна зь меркаваньня забесьпячэньня бясьпекі места[3].
Вынікам інцыдэнту стаў загад савецкім войскам у раёне граніцы адказваць на любыя агрэсіўныя дзеяньні фінаў вагнём, усутыч да зьнішчэньня нападнікаў. Праз два дні пасьля інцыдэнту СССР разарваў пакт аб ненападзе зь Фінляндыяй, праз чатыры — пачаў вайну.