Матэматыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Матэма́тыка (грэц. μαθηματικά, ад μάθημα — навука, вывучаць) — лягічная дэдуктыўная навука, якая вывучае абстрактныя структуры (напр. колькасьць, форма), вызначаныя пры дапамозе аксіёмаў, выкарыстоўваючы сымбальную лёгіку. Асобныя структуры матэматыкі паходзяць з прыродазнаўчых навук, у асноўным зь фізыкі, але матэматыкі стварылі таксама шэраг іншых канцэпцыяў менавіта для ўнутраных патрэбаў гэтае навукі. Існуе шэраг меркаваньняў сярод матэматыкаў і філёзафаў на конт дакладнага аб’ёму вывучэньня матэматыкі і ейнага вызначэньня[1].
Матэматыка | |
Навука | |
Зьвесткі | |
---|---|
Падкляса ад | прыродазнаўчыя навукі |
Тэма | 2600 |
Прадмет вывучэньня | абстрактныя структуры, вызначаныя пры дапамозе аксіёмаў, выкарыстоўваючы сымбальную лёгіку |
Пэрыяд заснаваньня | антычнасьць |
Гісторыя | гісторыя матэматыкі[d] |
Асноўныя кірункі | Альгебра, Геамэтрыя й інш. |
Цэнтры дасьледаваньняў | ва ўсім сьвеце |
Матэматыка ў Вікісховішчы |
Матэматыкі шукаюць і вызначаюць матэматычныя сыстэмы[2], каб выкарыстаць іх пры сфармуляваньнях новых гіпотэзаў. Матэматыкі вызначаюць праўдзівасьць або памылковасьць гіпотэзаў праз матэматычныя доказы. Калі матэматычныя структуры добра мадэлююць рэальныя зьявы, матэматычныя развагі могуць даць уяўленьне або прагноз аб прыродных працэсах. Дзякуючы выкарыстаньню абстракцыі і лёгікі, матэматыкі робяць падлік, вылічэньне, вымярэньне і сыстэматычнае вывучэньне формаў і рухаў фізычных аб’ектаў. Практычная матэматыка выкарыстоўвалася чалавекам яшчэ да існаваньня пісьмовых справаздачаў на гэты конт. Дасьледаваньні, неабходныя для вырашэньня матэматычных задачаў, могуць заняць гады ці нават стагодзьдзі.
Матэматыка выкарыстоўваецца ва ўсім сьвеце ў якасьці найважнейшага інструмэнту ў многіх галінах навукі і чалавечай дзейнасьці. Прыкладная матэматыка, зьвязаная з ужываньнем матэматычных ведаў у іншых абласьцёх матэматыкі, натхняе на стварэньне новых матэматычных адкрыцьцяў, што прывяло да разьвіцьця цалкам новых матэматычных дысцыплінаў, як то статыстыка і тэорыя гульняў.