Міжнародны дзень роднай мовы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Міжнародны дзень роднай мовы — сьвята, якое з 2000 году адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай заахвочваньня моўнае разнастайнасьці і шматмоўнае адукацыі і спрыяньня ўсьведамленьню моўных і культурных традыцыяў, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменьні, цярпімасьці і дыялёгу[1].
Дата 21 лютага была абраная таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за прызнаньне бэнгальскай мовы ў якасьці дзяржаўнай ва ўсходнім Пакістане, які з 1971 году стаў асобнай дзяржавай Банглядэш. Гэты дзень адзначаецца ў Банглядэш як дзень памяці пра падзеі 1952 году.[2]
Сьвята было заснаванае на 30‑й сэсіі Генэральнай канфэрэнцыі ЮНЭСКО 17 лістапада 1999 году. Ідэю абвяшчэньня Міжнароднага дня роднае мовы прапанавалі дэлегацыі Банглядэш і Саудаўскай Арабіі. Сярод 25 першых суаўтараў і найбольш актыўных прыхільнікаў рэзалюцыі Генэральнае канфэрэнцыі ЮНЭСКО былі Беларусь, Летува і Расея.[3]
Генэральная Асамблея ААН у 2002 годзе вітала рашэньне ЮНЭСКО аб абвяшчэньні Міжнароднага дня роднае мовы і заклікала дзяржавы-сябры ААН і сакратарыят ААН садзейнічаць захаваньню і абароне ўсіх моваў, на якіх размаўляюць народы сьвету[4]. У 2002 годзе ў сталіцы Банглядэш, горадзе Дака, заснавалі Міжнародны інстытут роднае мовы[5].
ЮНЭСКО абвесьціла пра намер стварыць сыстэму папераджальнага маніторынгу для адсочваньня стану моваў, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, і садзейнічаньня выпраўленьню сытуацыі ў гэтае галіне. Паводле ацэнкі ЮНЭСКА больш як палова з 6 тысячаў моваў сьвету знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня[6].