Старшыня Ўраду Расейскай Фэдэрацыі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Старшыня Ўраду Расейскай Фэдэрацыі, у адпаведнасьці з 24-м артыкулам фэдэральнага канстытуцыйнага закону «Аб Урадзе Расейскай Фэдэрацыі»[1], узначальвае Урад Расейскай Фэдэрацыі, вызначае яго асноўныя накірункі дзейнасьці і арганізуе працу.
Прэзыдэнт Расеі, у адпаведнасьці з 83-м артыкулам Канстытуцыі Расеі[2], мае права ўзначальваць паседжаньні ўраду. У адпаведнасьці з 115-м артыкулам Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі[3] пастановы і распараджэньні ўраду, калі яны супярэчаць указам прэзыдэнта, могуць быць адмененыя прэзыдэнтам Расеі. Акрамя гэтага, прэзыдэнт Расеі, адпаведна 32-му артыкулу Фэдэральнага канстытуцыйнага закона «Аб Урадзе Расейскай Фэдэрацыі»[1], кіруе дзейнасьцю фэдэральных органаў выканаўчай улады, якія займаюцца пытаньнямі абароны, бясьпекі, унутраных спраў, замежных спраў, прадухіленьня надзвычайных сытуацыяў і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедзтваў, хоць кіраўнікі некаторых з адпаведных ведамстваў (як МЗС Расеі, МУС Расеі і інш.) уваходзяць ва ўрад.
Да 25 сьнежня 1993 году пасада старшыні Ўраду Расейскай Фэдэрацыі мела назву старшыня Рады Міністраў — Ураду Расейскай Фэдэрацыі, цяперашняя назва была замацаваная прынятай у сьнежні 1993 году Канстытуцыяй Расеі.
Неафіцыйна пасада часта завецца прэм'ер-міністар, хаця ў Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі такая назва адсутнічае.
Парадак прызначэньня, паўнамоцтвы і абавязкі старшыні ўраду вызначаюцца артыкуламі 110-117 Канстытуцыі Расеі[3].
З 8 мая 2012 году старшынём Ураду Расейскай Фэдэрацыі зьяўляецца Дзьмітры Мядзьведзеў.