Дыярыюш Філіповіча
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Дыярыюш» (па-руску: Діаріушъ) — публіцыстычны звод (паводле М. Дабрыніна — аўтабіяграфічная палемічная аповесьць[1], паводле С. Гараніна — споведзь-пропаведзь[2]) берасьцейскага ігумена Афанасія Філіповіча, які складаецца зь сямнаццаці інфармацыйных фрагмэнтаў, два зь якіх напісаныя пасьля сьмерці сьвятара[3]. Тэкст самога Афанасія складаецца зь дзесяці самастойных твораў, напісаных у 1638—1646 гадах і аб’яднаных пяцьцю ўстаўкамі[3].
У ім аб’яднаныя ў адно цэлае дарожныя і тлумачальныя запіскі аўтара, яго ўспаміны, дзёньнікі і аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым і перажытым, легенды і містычныя прывіды, пасланьні і лісты А. Філіповіча, яго выкрывальныя прамовы, канспэктыўныя накіды асобных артыкулаў, філязофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы, прысьвечаныя барацьбе, і нават напеў гімнападобнага канту — аднаго з найбольш раньніх нотных запісаў у беларускай музыцы[4].
У тэкст уваходзяць творы: «Гісторыя падарожжа ў Маскву», «Першая супліка», «Тлумачальная запіска суду духоўнай кансісторыі», «Навіны прававерным пажаданыя…», «Падмурак непарадку рымскага касьцёлу», «Трэцяя супліка», «Падрыхтоўка да суду», «Парада каралю», «Пра царкоўны фундамэнт», «Прычыны ўчынку». У дадатку зьмешчаны творы, напісаныя пасьля сьмерці А. Філіповіча манахамі берасьцейскага Сімяонаўскага манастыра: «Пра слаўную сьмерць… Афанасія Філіповіча» і «Надгробак Афанасію Філіповічу».
«Дыярыюш» А. Філіповіча напісаны ў пераходны і пераломны для рэлігійнай барацьбы час і стаіць на памежжы палемічнай і мэмуарнай літаратуры. Тым ня менш, аўтар сьвядома падышоў да азначэньня ўласнага твору як «Дыярыюшу», бо твор утрымлівае ўласна аўтабіяграфічны мэмуарны нарыс, акрамя таго, грамадзка-палітычныя сюжэты ў ім выкладзеныя паводле прыкладаў уласнага жыцьця або ў форме ўласных разваг[5]. Твор вызначаецца адкрытай тэндэнцыйнасьцю, палітычнай і рэлігійнай завостранасьцю, патаснасьцю, насычанасьцю грамадзка-палітычным зьместам і агітацыйнасьцю[3]. У «Дыярыюшы» спалучаюцца элемэнты барока, гатычнай паэтыкі і рэалізму, неаднародная кампазыцыя і мова твору — месцамі амаль размоўная, месцамі ўскладнёная і заблытаная са шматлікімі паланізмамі і стараславянізмамі[1].
На беларускую мову «Дыярыюш» перакладалі Іван Саверчанка (Роднае слова, № 1, 2003) і С. Вераціла (Полымя, № 1, 2002).
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads