СМЕРШ

From Wikipedia, the free encyclopedia

Сьмерш[1][2] (рас. Смерш ад смерть шпионам — сьмерць шпіёнам) — савецкая контарвыведчая і рэпрэсіўная служба, сфармаваная падчас Другой сусьветнай вайны для абароны тылу Чырвонае Арміі, барацьбы з дэзэртырствам, шпіёнамі і дывэрсантамі, а таксама барацьбы зь «дзекабрысцкім сындромам» і вольнадумствам сярод савецкіх жаўнераў.

Стварэньне

Галоўная ўправа контар-выведкі СМЕРШ была створаная 19 красавіка 1943 году пры Народным камісарыяце абароны СССР. Поўная назва структуры гучала, як «Главное управление контрразведки СМЕРШ Народного комиссариата обороны СССР» («Галоўнае ўпраўленьне контарвыведкі СМЕРШ Народнага камісарыяту абароны СССР»). Ачоліў ведамства Віктар Абакумаў, падпарадкаваны непасрэдна Сталіну. Адначасова існаваў аддзел СМЕРШ у народным камісарыяце Ваенна-марскіх сіл СССР.

Напярэдадні нападу гітлераўскае Нямеччыны на СССР, у лютым 1941 году з адзінае сыстэмы органаў НКВД СССР, што існавала з 1934 году, быў выдзелены асобны Народны камісарыят дзяржаўнае бясьпекі. Ваенная контарвыведка падпарадкоўвалася НК абароны і ваенна-марскога флёту (НКО і НКВМФ). У НКВД СССР ад былое Галоўнае ўправы дзяржаўнае бясьпекі застаўся толькі 3-і аддзел, які ажыцьцяўляў контарвыведчае забесьпячэньне памежных і ўнутраных воскаў. Каардынацыя дзейнасьці асобных галінаў сыстэмы спэцслужбаў ускладалася на створаны для гэтага Цэнтральны Савет.

Меней чым празь месяц пасьля пачатку вайны — 17 ліпеня 1941 году — органы 3-е ўправы НКО зноў ператварыліся ў асобыя аддзелы НКВД СССР. Вэртыкаль органаў ваеннай контарвыведкі ўзначаліла Ўправа асобых аддзелаў НКВД на чале зь Віктарам Абакумавам. Ва ўмовах імклівага нямецкага наступу контарвыведка атрымала шырокія паўнамоцтвы па кантролю за гнанай усё далей у тыл Чырвонай арміяй.

З пачатку вайны па 1 сьнежня 1941 году адмысловымі аддзеламі былі арыштаваныя 35 738 чалавек, у тым ліку «шпіёнаў» — 2343, «дывэрсантаў» — 669, «здраднікаў» — 4647, «панікёраў і трусаў» — 3325, «дэзэртыраў» — 13 887, «распаўсюднікаў правакацыйных чутак» — 4295, «самастрэльцаў» — 2358, «за бандытызм і марадэрства» — 4214. Растраляна па прысудах — 14 473, зь іх публічна, перад шыхтам — 411. Па дадзеных НКВД на 8 жніўня 1942 году органамі дзяржбясьпекі з пачатку вайны былі арыштаваныя 11 765 «нямецкіх агентаў».

На Ўсходнім фроньце дзейнічалі больш за 130 выведчых дывэрсійных каманд SD і Abwehr, функцыянавала каля 60 школаў, што падрыхтоўвалі агентуру для закіду ў тыл Чырвонае Арміі. Акрамя таго шырылася падтрымка акупантаў з боку насельніцтва Беларусі, Украіны, Балтыі, Расеі. На баку нацыстаў супраць Чырвонае арміі ваявалі некалькі мільёнаў савецкіх грамадзянаў.

Разгром Чырвонае арміі ў першыя месяцы вайны прымусіў камуністычнае кіраўніцтва цэнтралізаваць кіраўніцтва абаронай і шпіёнскай службай.

Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 9 кастрычніка 1942 году была зьменшаная роля паліторганаў, якія ажыцьцяўлялі кіраўніцтва «асабістамі» на палкавым узроўні. Пастановай Савету народных камісараў СССР ад 19 красавіка 1943 году. Упраўленьне асобых аддзелаў НКВД ператвараецца ў Галоўнае ўпраўленьне контарвыведкі СМЕРШ НКО СССР. Замест абцякальнае абрэвіятуры «особые отделы» камуністычная ваенная контарвыведка атрымала ў якасьці найменьня лёзунг «Смерть шпионам!». На базе 9-га аддзелу УОО НКВД СССР ствараецца Ўпраўленьне контарвыведкі СМЕРШ НКВМФ СССР.

Зафронтавая дзейнасьць

Было цэнтралізаванае кіраваньне зафротнавай дзейнасьцю: каардынацыя падрыхтоўкі агентуры для выкананьня задачаў за лініяй фронту, аналізаваць матэрыялы аб рабоце органаў і школаў выведкі нацыстаў, іх асабістым складзе стаў 4-ы аддзел ГУКР СМЕРШ.

З красавіку 1943 па люты 1944 году ў органы і школы Abwehr і SD былі засланыя 75 савецкіх шпіёнаў. Былі арыштаваныя 176 нямецкіх дывэрсантаў.

Па афіцыйных зьвестках з 1 кастрычніка 1943 па 1 траўня 1944 году савецкай контарвыведкай у тыл немцаў былі перакінутыя 345 агентаў, у тым ліку 50 перавербаваных нямецкіх выведчыкаў.

Некаторыя агентам камуністаў атрымалася пранікнуць у фармаваньні Расейскае вызваленчае арміі (РОА) генэрала Ўласава, пераманіць да 1202 чалавекі на савецкі бок, дзе іх чакаў расстрэл ці савецкія канцлягеры.

Дзейнасьць СМЕРШ на савецкім тыле

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.