Фуюйска-кыргыская мова
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Фую́йска-кыргы́ская мова (саманазва: Fuyü Gïrgïs, [qərʁəs]) — мова хакаскае групы цюрскае моўнае сям’і, на якой размаўляе цюрскі народ фуюйскія кыргызы (таксама могуць клясыфікавацца як кыргызы[1]). Распаўсюджаная серад невялікае колькасьці асобаў з пасіўнай мажлівасьцю размоваў на мове, якія жывуць галоўным чынам у павеце Фуюй правінцыі Хэйлунцьзян КНР. Паводле арэалу свайго распаўсюджаньня зьяўляецца самай усходняй з усіх цюрскіх моваў.
Remove ads
Асноўная характарыстыка
Нягледзячы на сваю назву, мова не зьяўляецца дыялектам кыргыскае мовы. Зь лінгвістычнага пункту гледзішча мова зьяўляецца блізкай да хакаскай, тады як назва этнічнае групы магла ўзьнікнуць праз пляменную назву.
У адрозьненьне ад кыргыска-кыпчацкай кыргыскай мовы, фуюйска-кыргыская адносіцца да -z- моваў з прычыны пераходу ў ёй працюрскага -d- у гук -z-.
Гісторыя і носьбіты
Мяркуецца, што на тэрыторыі свайго сучаснага распаўсюджаньня фуюйска-кыргыская мова зьявілася, калі ў пэрыядзе XVII—XVIII стагодзьдзяў продкі ейных носьбітаў адарваліся ад асноўнага хакаскага арэалу і былі пераселеныя ў Маньчжурыю.
Паводле зьвестак на 1980 год, на фуюйска-кыргыскай мове размаўляла большая частка паўнагадовага насельніцтва. Тым ня менш, на цяперашні момант людзі дарослага пакаленьня перайшлі на мясцовы дыялект мангольскае мовы, дзіцячае пакаленьне карыстаецца ў маўленьні кітайскай мовай праз навучаньне на кітайскай мове[1].
Фаналёгія
У адрозьненьне ад хакаскае, шорскае ды чулымскае моваў, у фуюйска-кыргыскай захоўваецца супрацьпастаўленьне слабых і моцных зычных як, напрыклад, у сарыг-югурскай мове. Між тым, ад апошняй фуюйска-кыргыская адрозьніваецца інтэрвакальным азванчэньнем -s- ды -š-, захаваньнем спрадвечных -š-, -č- (у той час як у сарыг-югурскай адбыўся пераход -š- > -s-, -č- > -š- на ўзор моваў нагайскае групы) і пераходам у шэрагу выпадкаў j > n.
Характарызуецца найбольш пасьлядоўнай вуснавай і палятальнай гармоніяй галосных — існуе магчымасьць зьяўленьня галоснай o пасьля u, што адсутнічае, прыкладам, у кыргыскай мове.
Шырокія дасьледаваньні пра фаналёгію мовы ажыцьцявілі дасьледчыкі Гай Імарт і Ху Чжэнь-Хуа. Паводле іхных дасьледаваньняў, у фуюйска-кыргыскай мове маюцца кароткія галосныя [a, ə, ɪ, ɔ, œ, ʊ, ʉ], пры гэтым яны маюць слабы вуснавы характар і тэндэнцыю да пераўтварэньня ў галосныя сярэдняга шэрагу[1]. Падаўжэньне галосных зьяўляецца фанэматычным і паўстае ў выніку выпадзеньня зычнага (параўн. фуюйска-кыргыскае /pʉːn/ і кыргыскае /bygyn/), кожная кароткая галосная мае свой падоўжаны эквівалент з даданьнем /e/. Маецца як гармонія галосных, так і гармонія зычных[1]. Серад зычных у мове адзначаюцца (разам з аляфонамі) гукі [p, b, ɸ, β, t, d, ð, k, q, ɡ, h, ʁ, ɣ, s, ʃ, z, ʒ, dʒ, tʃ, m, n, ŋ, l, r, y]. У сыстэме зычных гукаў мовы не адлюстроўваецца фанэматычная розьніца паміж выбухнымі /p, t, k/ ды /b, d, g/, гэтыя гукі таксама могуць зазнаваць асьпірацыю ў запазычаньнях з кітайскай, пераўтвараючыся адпаведна ў [pʰ, tʰ, kʰ][1].
Remove ads
Пісьмовасьць
Напрыканцы 2000-х гадоў кітайскімі лінгвістамі была распрацаваная пісьмовасьць на лацінскай аснове з даданьнем літараў Č č, Ğ ğ, Ï ï, Ö ö, Š š, Ü ü, але яна не атрымала шырокага распаўсюду.
Літаратура
- Hu, Zhen-hua; Imart, Guy (1987), Fu-Yü Gïrgïs: A tentative description of the easternmost Turkic language, Bloomington, Indiana: Indiana University Research Institute for Inner Asian Studies
- Li, Yongsŏng; Ölmez, Mehmet; Kim, Juwon (2007), "Some Newly Identified Words in Fuyu Kirghiz (Part 1)", Ural-Altaische Jahrbücher (Neue Folge) 21: 141–169
- Тенишев Э.Р. О языке кыргызов уезда Фуюй // Вопросы языкознания. 1961. № 1. С.88-95.
- Янхунен Ю. К вопросу о зарубежных хакасах // Проблемы сохранения природы и культурно-исторического наследия Хакасии. Абакан, 1994. Вып. 1. С. 99-107.
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads