Шчасьлівы муж
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Шчасьлівы муж» — чатырохактавая камэдыя беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, напісаная ў 1922 годзе. Усьлед за п’есай «На Антокалі» камэдыя працягвала традыцыю выкрыцьця мяшчанскага ладу жыцьця[1]. Прысутнічаюць рысы камэдыі фарсу.
Сюжэт
На імяніны Магдалены, жонкі Гаўдэнта Залепкі, пад выглядам графа, запрошанага сяброўкай сям’і Фэлькай, зьявіўся яго слуга Ільдэфонс Мацальскі, малады і па-свойму імпазантны. Ён робіць на Магдалену моцнае ўражаньне. Яму прызначаецца спатканьне, але запіска з адрасам памылкова трапляе ў радыкюль Уршулі. Адгэтуль Ільдэфонс Мацальскі робіцца цэнтральнай фігурай камэдыі. Яму даводзіцца затраціць шмат энэргіі і вынаходлівасьці, каб выйсьці сухім з вады, калі амаль адначасова ў графскія апартамэнты зьявіліся Ўршуля і Магдалена ў кампаніі з служанкай Мар’янай, зь якой ён абяцаў ажаніцца. У гэты час ўрываецца разьюшаны Залепка.
П’еса заканчваецца станоўча ў стылі францускай бытавой камэдыі постмальераўскага часу[2]: Гаўдэнт, насуперак відавочным фактам, дае сябе пераканаць, што няма на сьвеце больш вернай жонкі, чым яго Магдалена.
Remove ads
Крытыка
Тагачасная віленская прэса сустрэла камэдыю без адабрэньня — не задавальняла ўстаноўка драматурга на пацяшальнасьць. П’есу абвясьцілі безыдэйнай. Крытык У. Ковель, пагаджаючыся з адсутнасьцю рэзка падкрэсьленага сацыяльнага і філязофскага зьместу адзначае, што сьмех у камэдыі зьяўляецца «эмацыянальна насычанай формай крытыкі»[3].
Дадатковыя зьвесткі
- У аснове п’есы — рэальны факт з жыцьця Ф. Аляхновіча, калі ён, будучы маладым безграшовым артыстам, вымушаны быў у адным мяшчанскім доме выдаваць сябе за графа[4]
- Прататыпам Магдалены і Гаўдэнта Залепкаў служылі Люцыяна і Казімер Пятроўскія, у якіх на пачатку 20-х гадоў Ф. Аляхновіч здымаў пакой[4]
- Вядомы польскі кінапрадусар Станіслаў Патоцкі хацеў экранізаваць «Шчасьлівага мужа» і запрасіць на галоўную ролю Шарля Буае. Гэтым намерам перашкодзіла зьдзейсьніцца Другая сусьветная вайна[4]
- У адным зь лістоў да Рыгора Шырмы Міхал Забэйда-Суміцкі пісаў, што хацеў бы зрабіць з гэтай п’есы камічную опэру і выканаць партыю Ільдэфонса Мацальскага[4]
- У часе пастановы спэктаклю ў Менскім гарадзкім тэатры Ф. Аляхновіч закахаўся ў выканаўцу ролі Магдалены Альбіну Сікорскую, але яна аказалася абыякавай да яго заляцаньняў і закруціла раман з акторам Уладзімерам Говар-Бандарэнкам, які сыграў Ільдэфонса Мацальскага[4].
Пастаноўкі
- 26 студзеня 1925 году — Горадня, рэжысэр — Дашэўскі[5].
- 29 чэрвеня 2011 году — Тэатар беларускай драматургіі — пастаноўка Мюры Фарыдовіча[6].
- У Варшаве, падчас калядных сьвятаў на прыканцы 2024 году, тэатральная ініцыятыва «Dzieja druhaja» паказала пастаноўку «Шчасьлівы муж». Спэктакль адбыўся ў клюбе «Scena Chmielna». Акторы: Сяргей Пукст, Вольга Каралёнак, Алена Баярава, Маргарыта Яцкевіч і Васіль Дранько-Майсюк[7].
Remove ads
Бібліяграфія
- Францішк Алехновіч. Шчаслівьі муж: Камэдыя ў 4-х актах. // Беларускі звон : часопіс. — 1922, 1 красавіка. — № 10 (35). — С. 2.
- Францішк Алехновіч. Шчаслівьі муж: Камэдыя ў 4-х актах. // Беларускі звон : часопіс. — 1922, 12 красавіка. — № 11 (36). — С. 2, 3.
- Францішк Алехновіч. Шчаслівьі муж: Камэдыя ў 4-х актах. // Беларускі звон : часопіс. — 1922, 22 красавіка. — № 12 (37). — С. 2, 3.
- Францішк Алехновіч. Шчаслівьі муж: Камэдыя ў 4-х актах. // Беларускі звон : часопіс. — 1922, 13 траўня. — № 13 (38). — С. 2, 3.
- Францішк Алехновіч. Шчаслівы муж. Камедыя ў 4-х актах.. — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1922. — 68 с.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads