Вікіпэдыя:Магчымасьць праверкі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Падставай даданьня ў Вікіпэдыю інфармацыі зьяўляецца не яе «праўдзівасьць», а магчымасьць праверкі. Гэта значыць, што ў чытача мае быць магчымасьць пераканацца ў тым, што пададзены ў Вікіпэдыі матэрыял ужо апублікавалі ў крыніцах, вартых даверу. Аўтары артыкулаў мусяць дадаваць такія крыніцы да цытатаў і іншай інфармацыі, якую могуць паставіць або ўжо паставілі пад сумнеў, — у адваротным выпадку гэтыя зьвесткі могуць выдаліць.
Гэта старонка зьяўляецца часткай правілаў Вікіпэдыі. |
Асноўны сэнс сьцісла: Цытаты і ўсякую інфармацыю, якую могуць паставіць пад сумнеў, трэба пацьвярджаць крыніцамі, вартымі даверу — у чытача мае быць магчымасьць пераканацца ў яе дакладнасьці. |
Магчымасьць праверкі інфармацыі ня варта блытаць зь яе даступнасьцю ў інтэрнэце. Зьвесткі, прыведзеныя ў папяровым выданьні, могуць цалкам задавальняць патрабаваньням магчымасьці праверкі, нават калі асобны ўдзельнік Вікіпэдыі ня мае магчымасьці атрымаць доступ да гэтага выданьня. Наадварот, разьмешчаная ў інтэрнэце інфармацыя можа не зьяўляцца верагоднай (напрыклад, калі незразумела, хто і на якіх падставах гэту інфармацыю разьмясьціў).
Магчымасьць праверкі — адно з трох асноўных правілаў стварэньня артыкулаў Вікіпэдыі. Іншыя два — гэта Вікіпэдыя:Нэўтральны пункт гледжаньня і Вікіпэдыя:Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў. Разам гэтыя тры правілы вызначаюць прымальныя для артыкулаў Вікіпэдыі тып і якасьць матэрыялу. Яны дапаўняюць адно аднаго, таму ня могуць разглядацца паасобку, і ўдзельнікам варта азнаёміцца з кожным зь іх. Прынцыпы, на якіх будуюцца гэтыя правілы, нельга парушаць іншымі правіламі або дамоўленасьцю ўдзельнікаў. Матэрыял на старонках гэтых правілаў можа рэдагавацца толькі ў мэтах ўдакладненьня і паляпшэньня разуменьня гэтых прынцыпаў.