Жаргон
тэрміналёгія, зьвязанай з пэўнай галіной дзейнасьці, прафэсіяй, групай / From Wikipedia, the free encyclopedia
Жарго́н (або жарґон) — слова паходзіць з франц. jargon і першапачаткова абазначала ў францускай мове сапсаваную мову. Цяпер пад жарґонам разумеюць любое маўленьне, якое адрозьніваецца ад літаратурнага і характарызуе пэўныя сацыяльныя слаі, напрыклад людзей, аб’яднаных прафэсіяй, родам заняткаў, захапленьнямі. Існуюць, напрыклад, жарґоны ваенных і маракоў, актораў і фізыкаў, паляўнічых і карцёжнікаў, моладзі і рок-музыкантаў.
На адным полюсе знаходзяцца жарґоны, якія набліжаюцца да прастамоўя: гэта аб’яднаньні словаў, што выкарыстоўваюцца найчасьцей у неафіцыйных сытуацыях, сярод сяброў: словы, якія маюць значную долю жарту, эмоцыяў і экспрэсіі. Такія жарґоны выкарыстоўваюцца найперш для ажыўленьня маўленьня, стварэньня асобага моўнага калярыту. Яркім прыкладам такіх жарґонаў служыць жарґон моладзі (маладзёвы слэнґ). Яго носьбітаў аб’ядноўвае толькі ўзрост, і часта жарґонныя слоўцы ў мове моладзі як бы гавораць: я — «свой». Крыху іншы характар маюць прафэсійныя жарґоны, г. зн. жарґоны людзей адной прафэсіі. Яны адрозьніваюцца ад маладзёвага жарґону найперш складам лексыкі: большая частка іх — словы, якія абазначаюць розныя прадметы і зьявы пэўнай прафэсійнай дзейнасьці. Там, дзе звычайны чалавек скажа хвост, паляўнічы назаве больш за дзесяць словаў, якія абазначаюць розныя віды хвастоў жывёлаў; у сталяра кожны інструмэнт мае сваю назву, якая адрозьніваецца ад літаратурнай; паліґрафісты даюць сваё найменьне розным відам памылак, браку друкаванай прадукцыі.