Прыметнік
From Wikipedia, the free encyclopedia
Прыме́тнік — часьціна мовы, якая абазначае прымету прадмета і адказвае на пытаньні які? чый?
Да гэтай часьціны мовы належаць словы, якія абазначаюць:
- якасьць прадмета (зялёны сьцяг, цёмная ноч, адважны воін, чарговая зьмена),
- адносіны яго да іншых прадметаў
- паводле матэрыялу — залаты гадзіньнік, драўляны ложак;
- паводле прызначэньня — студэнцкі інтэрнат, гарадзкая плошча;
- паводле складу ўдзельнікаў — рабочы сход, настаўніцкая канфэрэнцыя;
- паводле месцазнаходжаньня — гарадзенскія тэатры, сельскі сход;
- паводле часу — сьвяточны канцэрт, восеньскі вечар,
- прыналежнасьць прадмета (братаў дзёньнік, Верына кніга, буслава гняздо).
Прыметнік звычайна паясьняе назоўнік і граматычна залежыць ад яго. Прыметнікі зьмяняюцца па родах, ліках і склонах. Роды, лікі й склоны прыметнікаў залежаць ад назоўніка: ясны дзень, ясная раніца, яснае неба, ясныя дні.
У сказе прыметнік часьцей за ўсё бывае азначэньнем: Ідзе вясна ў шумлівых водах, у звонкім срэбры ручаёў і разьлівае мяккі подых, як песьню нейкую бяз слоў. (Якуб Колас).
Прыметнік можа быць і выказьнікам або можа ўваходзіць у склад выказьніка: Ночы ўлетку прыгожыя. (В. Каваль). Неба гэтымі днямі сінела чыстае й глыбокае. (Іван Мележ).