Распад Аўстра-Вугоршчыны
From Wikipedia, the free encyclopedia
Распа́д А́ўстра-Вугорскай імпэ́рыі — буйная геапалітычная падзея, якая адбылася ў выніку нарастаньня ўнутраных сацыяльных супярэчнасьцяў і адасабленьня розных частак імпэрыі. Першая сусьветная вайна, неўраджай 1918 году й эканамічны крызіс паслужылі падставай да распаду дзяржавы.
17 кастрычніка парлямэнт Вугоршчыны скасаваў унію з Аўстрыяй і абвясьціў незалежнасьць краіны, 28 кастрычніка ўтварылася Чэхаславаччына, усьлед за ёй 29 кастрычніка зьявілася Каралеўства Сэрбаў, Харватаў і Славенцаў, 3 лістапада незалежнасьць абвясьціла Заходнеўкраінская Народная Рэспубліка, 6 лістапада ў Кракаве было абвешчана пра аднаўленьне Польшчы. Таксама ў ходзе распаду імпэрыі ўзьніклі Тарнабжэская рэспубліка, Гуцульская рэспубліка, Руская Народная Рэспубліка лемкаў, Усходне-Лемкаўская рэспубліка, Рэспубліка Прэкмур'е, Вугорская Савецкая Рэспубліка, Славацкая Савецкая Рэспубліка, Рэспубліка Банат, Рэспубліка Фіюмэ.
Пасьля распаду Аўстра-Вугоршчыны на яе былой тэрыторыі паўстала некалькі ўнітарных этнакратычных дзяржаў, вялікая частка якіх існуе й у наш час. Астатнія тэрыторыі, населеныя падзеленымі народамі, трапілі ў склад ужо існуючых ці новаўтвораных дзяржаваў. Юрыдычна распад імпэрыі быў аформлены ў Сэн-Жэрмэнскай дамове з Аўстрыяй, якая таксама выступала ў якасьці мірнае дамовы пасьля Першай сусьветнай, і ў Трыянонскай дамове з Вугоршчынай.