Беларускі клясычны правапіс
правапіс беларускай мовы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Белару́скі клясы́чны пра́вапіс, альбо тарашкевіца — правапіс беларускае мовы (у шырэйшым сэнсе — моўная норма[1][2]), заснаваны на літаратурнай норме сучаснае беларускае мовы й ейных правілах да палітычнае рэформы беларускае артаграфіі 1933 году й пэўных акадэмічных прапановах 1930, 1933 і 1993 гадоў. Першы ўнармаваны правапіс беларускае мовы[3] й традыцыйны беларускі правапіс у сучасным разуменьні.
Упершыню кадыфікаваны Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе, афіцыйна ўжываўся ў Беларусі да праведзенае савецкімі ўладамі русіфікатарскае 1933 году[4][5][6]. Па 1933 годзе працягваў выкарыстоўвацца беларускімі навуковымі, культурнымі, грамадзкімі й палітычнымі арґанізацыямі па-за межамі СССР. З аднаўленьнем незалежнасьці ў 1990 годзе вярнуўся й пашырыўся ў Беларусі.
У 2005 годзе ўкладальнікі выданьня «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў» зьдзейсьнілі сучасную нармалізацыю клясычнага правапісу[7]. У 2007 годзе IANA надала тарашкевіцы ўласны моўны падтэг «tarask» (поўнае пазначэньне: be-tarask)[8] дзеля адрозьненьня ад наркамаўкі, якая мае ўласны падтэг «1959acad».