Антытэрарыстычная аперацыя ва Украіне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Антытэрарысты́чная апера́цыя ва Украі́не (скарочана АТА) (укр.: Антитерористична операція в Україні) — рэакцыя Украіны на «пашырэнне расійскай інтэрвенцыі з Крыма», дзе яно адбывалася з 20 лютага па 18 сакавіка 2014 году[1], «на ўсходнія вобласці Украіны дыверсійнымі падраздзяленнямі расійскага войска»[2]. Само ўварванне, паводле Украіны, пачалося з захопу адміністрацыйных будынкаў у Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласцях. Суправаджалася перакідам некалькіх дзясяткаў тысячаў расійскіх вайскоўцаў на мяжу з Украінай пад выглядам вучэнняў (Расія не прызнала гэта). Пасля іх сканчэння расійскія войскі засталіся на мяжы замест вяртання ў месцы сталага знаходжання[3]. Уварваннем з захопленых на ўсходзе земляў кіраваў палкоўнік ФСБ і Галоўнай разведвальнай управы (ГРУ) Расіі Ігар Гіркін з мянушкай Стралкоў (або Стралок), які 26 лютага прыляцеў ва Украіну з Масквы[4].
Да прыкладна сярэдзіны лета 2014 года кантраляваныя сепаратыстамі часткі Данецкай і Луганскай абласцей судакраналіся між сабой, такім чынам, сепаратысты кантралявалі пэўны ўчастак адміністрацыйнай мяжы дзвюх абласцей і мелі калідоры між тэрыторыямі, кантраляванымі непрызнанымі ДНР і ЛНР. Але паводле стану на 28 ліпеня сілы антытэрарыстычнай аперацыі зладзілі паспяховы наступ на Дэбальцэвэ і Тарэз і адрэзалі іх групоўкі адна ад адной[5].
Паводле звестак міністэрства абароны Украіны з пачатку правядзення антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны тэрыторыя, кантраляваная сэпаратыстамі, зменшылася прыкладна на тры чвэрці[6]. Як адзначае камандзір добраахвотнага батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка, большасць населеных пунктаў усходу Украіны, дзе быў адноўлены канстытуцыйны лад Украіны, былі пакінутыя баевікамі ня ў выніку ўцёкаў, а мэтанакіравана[7]. Разам з тым, пачынаючы з верасня гэтага ж года адзначаны наступ сепаратыстаў і павелічэнне кантраляванай імі тэрыторыі, якая паводле сваіх масштабаў вярнулася да межаў паводле стану на блізу сярэдзіны вясны.
У канцы мая 2015 года адзін з лідараў прарасійскіх арганізацый на Данбасе Алег Цароў заявіў аб прыпыненні праекту аб’яднання кантраляваных сепаратыстамі тэрыторый у новае ўтварэнне пад назовам «Новарасія» з прычыны, на ягоную думку, пярэчання гэтага праекту папярэднім Мінскім пагадненням. Пазней тую ж інфармацыю пацьвердзіў самаабвешчаны кіраўнік Міністэрства замежных спраў непрызнанай ДНР Аляксандр Кофман, паводле сцверджанняў якога праект «Новарасіі» быў згорнуты праз тое, што «ягоныя прыхільнікі ў Харкаве і Адэсе былі здушаны… Кіевам», а прарасійскія хваляванні ў першых двух местах пачаліся «раней за належнае», пасля чаго прарасійскія выступы ў гэтых мясцовасцях былі здушаны. На ягоную ж думку, праект Новарасіі спынены сепаратыстамі «да росту новай палітычнай эліты, здольнай узначаліць рух», а «Данецкая рэспубліка» не прыйдзе з сепаратысцкімі намерамі ў Харкаў, Днепрапятроўск і Адэсу, калі «жыхары [памянёных гарадоў] лічаць, што Данецкая рэспубліка мусіць прыйсьці туды і вызваліць іх ад гнету хунты»[8].