Аўтамабільныя дарогі Беларусі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Аўтамабільныя дарогі Беларусі — пракладзеныя па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэспубліканскія (у т. л. нацыянальны сегмент міжнародных), мясцовыя і ведамасныя дарогі для руху аўтамабільнага транспарта.
Уладальнікамі аўтамабільных дарог могуць быць Рэспубліка Беларусь, яе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, юрыдычныя і фізічныя асобы, ва ўласнасці якіх знаходзяцца аўтамабільныя дарогі, а таксама юрыдычныя асобы, за якімі аўтамабільныя дарогі замацаваныя на праве гаспадарчага ведання ці аператыўнага кіравання.
Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў галіне аўтамабільных дарог і дарожнай дзейнасці з’яўляецца Дэпартамент «Белаўтадар» Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.
Усяго ў Беларусі больш за 50 тыс. км дарог агульнага карыстання і каля 200 тыс. км ведамасных (сельскагаспадарчых, прамысловых прадпрыемстваў, лясныя і інш.), у т. л. 10 тыс. км у гарадах і населеных пунктах. Пры гэтым шчыльнасць пазагарадскіх дарог з цвёрдым пакрыццём пакуль даволі нізкая — 337 км на 1000 км² тэрыторыі, — для параўнання: у еўрапейскіх краінах з развітой сеткай аўтамабільных дарог гэты паказчык роўны ў сярэднім 906 км.
Аўтадарогі для высокаінтэнсіўнага і скораснага руху аўтамабільнага транспарту без перасячэнняў транспартных патокаў на адным узроўні называюцца аўтамагістралямі. Звычайна пракладваюцца ў абход гарадоў і прамысловых цэнтраў, сувязь з якімі ажыццяўляецца па пад’яздных дарогах.