Гамеапатыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гамеапатыя — псеўданавуковая[1][2][3][4] сістэма лячэння мізэрна малымі дозамі індывідуальна падабраных лекаў. Прапанавана ў канцы XVIII стагоддзя нямецкім урачом К. Ф. С. Ганеманам, які сцвярджаў, што хваробы можна лячыць маленькімі дозамі тых рэчываў, якія ў вялікіх дозах выклікаюць сімптомы, падобныя да прыкметаў дадзенай хваробы (прынцып лячэння падобным). Гамеапатыя разглядае падыход да хваробы як да індывідуальнай рэакцыі хворага на пашкаджальны фактар, што залежыць ад спадчынна-канстытуцыянальных асаблівасцей арганізма. Як метад лячэння гамеапатыя прызнана ў многіх краінах свету; выкарыстоўваецца таксама ў ветэрынарнай практыцы. На Беларусі вядзецца гомеапатычны прыём у санаторыях.
Гамеапатыя ўзнікла і атрымала пашырэнне ў Германіі, потым у іншых еўрапейскіх краінах. Узнікла ў перыяд, калі ў медыцыне канкурыравалі супярэчлівыя тэорыі, шырока выкарыстоўваліся кровапусканні, клізмы, ірвотныя і слабільныя сродкі, якія знясільвалі арганізм хворага. У параўнанні з недахопамі лячэбнай медыцыны гамеапатыя адыгрывала пазітыўную ролю. Але з самага пачатку свайго існавання яна выклікала крытыку прадстаўнікоў афіцыйнай медыцыны. Асноўным аб’ектам крытыкі з’яўляюцца вельмі нізкія канцэнтрацыі рэчываў, калі ў растворах знаходзіцца менш адной малекулы актыўнага рэчыва. Сучасная навуковая супольнасць расцэньвае гамеапатыю як псеўданавуку, шарлатанства і махлярства.