Злучэнне (астраномія)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Злучэнне (у астраноміі) — такая канфігурацыя нябесных цел, пры якой іх экліптычныя даўгаты роўныя[1][2][3]. Часам выкарыстоўваецца і паняцце злучэння па прамым ўзыходжанні, а не па экліптычнай даўгаце[4]. Такім чынам, падчас злучэння двух цел яны адносна блізкія адно да аднаго на нябеснай сферы (але момант злучэння не абавязкова супадае з момантам максімальнага збліжэння).
У злучэнні могуць быць два аб’екты Сонечнай сістэмы ці аб’ект Сонечнай сістэмы і які-небудзь больш далёкі аб’ект.
Існуе астранамічны сімвал злучэння (код у Юнікодзе — U+260C). У сучаснай навуцы ён не выкарыстоўваецца.
Падобная, але менш выразна вызначаная з’ява вядома як парад планет. Гэта больш ці менш цеснае збліжэнне на нябеснай сферы некаторай іх колькасці. Гэты тэрмін не мае выразнага вызначэння і выкарыстоўваецца ў асноўным у СМІ і папулярнай літаратуры.