Зрушэнне перыгелія Меркурыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Анамальнае зрушэнне перыгелія Меркурыя — выяўленая ў 1859 годзе асаблівасць руху планеты Меркурый, якая згуляла выключную ролю ў гісторыі фізікі[1]. Гэта зрушэнне аказалася першым рухам нябеснага цела, якое не падпарадкоўвалася ньютанаўскаму закону сусветнага прыцягнення[кам. 1][1]. Фізікі былі пастаўлены перад неабходнасцю шукаць шляхі мадыфікаваць або абагульніць тэорыю прыцягнення. Пошукі ўвянчаліся поспехам у 1915 годзе, калі А. Эйнштэйн распрацаваў агульную тэорыю адноснасці (АТА); з ураўненняў АТА выцякала менавіта такое значэнне зрушэння, якое фактычна назіралася. Пазней былі вымераны аналагічныя зрушэнні арбіт некалькіх іншых нябесных цел, значэнні якіх таксама супалі з прадказанымі АТА.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Рычард Фейнман заўважыў[2], што доўгі час ньютанаўская тэорыя прыцягнення цалкам пацвярджалася назіраннямі, але для тлумачэння ледзь прыкметнага адхілення ў руху Меркурыя спатрэбілася карэнная перабудова ўсёй тэорыі на аснове новага разумення гравітацыі.