Каралінгскі мінускул
From Wikipedia, the free encyclopedia
Каралінгскі мінускул — адзін з тыпаў сярэдневяковага пісьма з выразнымі, свабодна пастаўленымі літарамі лацініцы.
Узнік у выніку эвалюцыі першапачатковага мінускула. Эпітэт «каралінгскі» атрымаў праз сваё шырокае ўкараненне ў эпоху Каралінгскага адраджэння. Перавага каралінгскага мінускула — разборлівасць пры параўнальна невялікіх памерах літар. Яго графіка надзвычай простая — схематычна кожная літара складаецца з круга або яго часткі і кароткіх або доўгіх вертыкалей. Шырыня літары і яе вышыня прыкладна аднолькавыя.
Каралінгскі мінускул быў распрацаваны ў другой палове VIII стагоддзя і ўдасканалены ў IX стагоддзі ў інтэлектуальным цэнтры Каралінгскай імперыі — Абацтве св. Пятра ў Корбі[1]. Са скрыпторыя Корбі каралінгскі мінускул затым распаўсюдзіўся па тэрыторыі ўсёй заходняй Еўропы, дзе яго шырока ўжывалі ў біскупскіх, манастырскіх, а затым і ў гарадскіх канцылярыях — як для кніг, так і для дакументаў. Праз 200 гадоў каралінгскі мінускул быў выцеснены гатычным пісьмом, якое панавала ў еўрапейскай рукапіснай кнізе да вынаходства кнігадрукавання.
У XIV стагоддзі гуманісты, пачынаючы з Петраркі, выявілі працы антычных аўтараў, перапісаныя каралінгскім мінускулам; гэта пісьмо яны прынялі за антычнае і, уражаныя яго прыгажосцю і чытэльнасцю па параўнанні з гатычным, пачалі капіраваць. На яго аснове ўзнік сучасны лацінскі шрыфт.