Кодэксы мая
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ко́дэксы ма́я (юкатэк. pik hu'un) — іерагліфічныя рукапісы цывілізацыі мая. Тэхнічна маянскі кодэкс уяўляе сабой складзеную ў выглядзе гармонікі паласу месаамерыканская паперы («аматль», на мове юкатэка huun), вырабленай з луба расліны аматэ (Ficus insipida). Складкі гармонікі — асобныя «старонкі» — маглі быць пакрыты выявамі і надпісамі з пярэдняга і адваротнага боку, абарот часам не запаўнялі тэкстам і малюнкамі. Тэксты не прызначаліся для чытання падрад, структурна яны дзяліліся на тэматычныя блокі. Змястоўна захаваныя кодэксы мая з’яўляюцца жрэцкімі трэбнікамі (тэрмін Ю. В. Кнарозава), якія прысвечаны рытуалу, астраноміі і астралогіі, прароцтвам і варажбітным практыкам, разліку сельскагаспадарчых і каляндарных цыклаў. З іх дапамогай жрацы тлумачылі з’явы прыроды і дзеянні боскіх сіл і праводзілі рэлігійныя абрады. Кодэксы былі прадметам паўсядзённага жрэцкага ўжытку і нярэдка змяшчаліся ў магілу пасля смерці ўладальніка. Традыцыя кодэксаў працягнулася ў каланіяльную эпоху ў хроніках і так званых зборніках «Чылам Балам» (запісаных лацініцай), у якіх прысутнічаюць усе пералічаныя тэмы, а таксама ўтрымліваюцца гістарычныя звесткі. Лексіка, граматыка і структура гістарычных тэкстаў прама суадносяцца з афіцыйнымі надпісамі мая класічнага перыяду, вядомымі з эпіграфікі.
Тэхналогію вытворчасці аматля індзейцы мая распрацавалі каля V стагоддзя, упершыню ў гісторыі Месаамерыкі. У Цэнтральнай Мексіцы аж да іспанскага заваявання для кніг выкарыстоўвалася вырабленая скура ягуара, аленя ці ламанціна. Усе кодэксы мая, якія дайшлі да нашых дзён, выраблены прыкладна ў XI—XIV стагоддзях, аднак у пахаваннях класічнага перыяду археолагі выяўляюць рэшткі кніг-кодэксаў у выглядзе зліплай масы з фрагментамі фарбы; на сёння не існуе тэхналогіі іх прачытання.
Мяркуючы па паведамленнях іспанскіх храністаў, яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя існавалі вялікія жрэцкія і ўрадавыя бібліятэкі, аднак іх знішчалі канкістадоры і каталіцкія місіянеры. Найбуйнейшае кніжнае аўтадафэ правёў у Мані ў 1562 годзе біскуп Юкатана Дыега дэ Ланда, тады былі спалены 27 рукапісаў. У адносна цэлым выглядзе к XIX стагоддзю захаваліся толькі тры кодэксы мая, названыя па гарадах, дзе яны захоўваюцца (Дрэздэнскі — адзіны, які захаваўся цалкам, Парыжскі і Мадрыдскі).
У 1971 годзе было абвешчана аб існаванні чацвёртага маянскага дакумента — Кодэкса Гралье, як мяркуецца, знойдзенага ў пахаванні ў Ч’япасе, але адносна яго сапраўднасці вядуцца дыскусіі. Захаваныя кодэксы мая прыцягнулі ўвагу даследчыкаў яшчэ ў XIX стагоддзі, неаднаразова перадрукоўваліся і сталі матэрыялам, на аснове якога Юрый Кнарозаў у 1950-я гады расшыфраваў пісьмо мая. Поўны пераклад усіх чатырох рукапісаў мая на рускую мову быў надрукаваны ў 1975 годзе. У 1999 годзе ў Мексіцы быў апублікаваны «Кампендыум Шкарэт», у якім утрымліваўся пераклад трох кодэксаў на іспанскую мову, каталог іерогліфаў з чытаннем і даследчыя матэрыялы Ю. В. Кнарозава.