Формула-1 у сезоне 2014
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сезон 2014 у Формуле-1 быў 65-м сезонам Чэмпіяната Свету ў гонках класа Формула-1, якія праходзяць пад эгідай Міжнароднай Аўтамабільнай Федэрацыі (FIA). 11 каманд і 24 пілоты спаборнічалі на 19 этапах Гран-пры за тытулы Чэмпіёна свету сярод пілотаў і сярод канструктараў. Сезон пачаўся ў Аўстраліі 16 сакавіка і скончыўся 23 лістапада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
У 2014 годзе Формула-1 пабачыла шэраг тэхнічных і спартовых змен: 2,4-літровыя рухавікі, якія выкарыстоўваліся на балідах у 2006—2013, былі заменены на 1,6-літровыя рухавікі канфігурацыі V6 з турбанагнятальнікам. Змены закранулі таксама і каляндар гонак. Гран-пры Індыі і Карэі былі прыбраныя са спіса этапаў на 2014 год, у той час як у Чэмпіянат вярнуўся Гран-пры Аўстрыі. Таксама адбыўся дэбют новага этапа Гран-пры ў Расіі на гарадской трасе ў Сочы.
Нямецкі пілот Себасцьян Фетэль пачынаў сезон як дзеючы чатырохразовы Чэмпіён Свету сярод пілотаў, а яго каманда — Red Bull Racing — як уладальнікі тытула Чэмпіёна сярод Канструктараў. Ні Фетэль, ні яго каманда не здолелі абараніць свае тытулы.
Пераможцам Чэмпіянату стаў брытанскі пілот Льюіс Хэмілтан, які выйграў свой другі чэмпіёнскі тытул, а таксама стаў самым паспяховым брытанскім пілотам за гісторыю Формулы-1. Паводле колькасці кар’ерных перамог Хэмілтан абышоў другога знакамітага брытанца Найджэла Мэнсэла. Другім пілотам у чэмпіянаце стаў партнёр Хэмілтана па камандзе Mercedes Ніка Розберг. Дзякуючы амаль суцэльнаму дамінаванню ў Чэмпіянаце, Розберг і Хэмілтан удваіх прынеслі першы Кубак Канструктараў для сваёй каманды Mercedes. Розберг таксама стаў уладальнікам спецыяльнай прэміі Міжнароднай Аўтамабільнай Федэрацыі (FIA) за найбольшую колькасць поўл-пазіцый у сезоне. Аўстралійскі пілот Red Bull Racing Даніэль Рык'ярда ў сваім дэбютным сезоне за новую каманду стаў трэцім у агульным заліку, стаў адзіным пілотам, які здолеў парушыць гегемонію пілотаў Mercedes, з трыма перамогамі.