Бяссківічныя, агнаты (Agnatha) — надклас ніжэйшых пазваночных жывёл.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
Вядома 2 вымерлыя класы: няпарнаноздравыя і парнаноздравыя; 1 сучасны клас — кругларотыя, які ўключае міног і міксінаў. Пашыраны ў абодвух паўшар'ях, у марскіх і прэсных водах, на Беларусі вядомы 3 віды міног.
Старажытныя прымітыўныя рыбападобныя жывёлы без сківіц і парных канечнасцей, з хордай. Даўжыня ад некалькіх сантыметраў (верацёнападобныя жывёлы) да 1 м (пляскатыя донныя формы). Унутраны шкілет храстковы (у вымерлых быў вонкавы касцявы шкілет). Шчэлепы ў выглядзе мяшкоў з пялёсткамі энтадэрмальнага паходжання. Ноздравая адтуліна ў большасці няпарная. Паўкружных каналаў 1 ці 2. Рот круглы, сысучага тыпу.
Корм лічынак — раслінныя рэшткі, водарасці; дарослыя паядаюць мяса і кроў рыб ці зусім не кормяцца. Выкапнёвыя бяссківічныя ўсмоктвалі разам з глеем і пяском дробныя арганізмы.
Рэшткі бяссківічных вядомы з кембрыю да позняга дэвону. Росквіт наступіў у познім сілуры і раннім дэвоне. Іх рэшткі з'яўляюцца вызначальнымі выкапнямі пры вывучэнні адкладаў.