K-129 (падводная лодка)
From Wikipedia, the free encyclopedia
К-129 (руск.: К-129) — дызель-электрычная падводная лодка з балістычнымі ракетамі праекта 629А (руск.: проект 629А, па класіфікацыі NATO — Golf II), якая служыла на Ціхаакіянскім флоце ВМФ СССР. Адна з шасці стратэгічных балістычных падводных лодак праекта 629, што ўваходзілі ў склад 15-й эскадры падводных лодак пад камандаваннем контр-адмірала Рудольфа Голасава, якая базавалася на ваенна-марской базе Рыбачай пад Петрапаўлаўскам.
Камандзірам К-129 быў прызначаны капітан 1-га рангу У. І. Кабзар. На корпус быў нанесены і яе нумар 722 (пры апошнім разгортванні). 8 сакавіка 1968 года на лодцы адбылася невядомая падзея, якая прывяла да яе затаплення. Гэта было адно з чатырох таямнічых знікненняў падводнай лодкі ў 1968 годзе, астатнія — ізраільская падводная лодка «Дакар», французская «Minerve» і амерыканская падводная лодка «Скарпіён».
Пасля таго як лодка не даслала некалькі радыёпаведамленняў падчас яе патрулявання ў Ціхім акіяне, камандаванне Савецкім флотам было занепакоена яе статусам і разгарнула тэрміновыя пошукі з прымяненнем авіяцыі і караблёў, але ніякіх прыкмет або абломкаў не было знойдзена. Хоць пошукі і былі максімальна засакрэчаны, аднак ВМС ЗША, назіраючы за савецкімі намаганнямі, зразумелі, што ў тым раёне была згублена падводная лодка. Амерыканцы таксама пачалі пошук (з дапамогай сістэмы донных гідрафонаў і самапісцаў). У выніку быў выяўлены шэраг гукаў, падобных да падводных выбухаў, а таксама запеленгавана верагоднае месца, дзе яны адбыліся.
Пасля сакрэтных пошукаў з дапамогай спецыялізаванай падводнай лодкі (USS Halibut) з базуючыміся на ёй глыбакаводнымі спускаемымі апаратамі абломкі К-129 былі знойдзены на глыбіні каля 5 000 м.
У 1974 годзе Злучаныя Штаты спрабавалі падняць самы буйны кавалак падводнай лодкі ў рамках сакрэтнай праграмы пад назвай Project Azorian. Прыкрыццём было тое, што караблі займаліся камерцыйнай здабычай марганцавых канкрэцый.